Валанцёраў разагналі, спісы забаранілі. Што адбываецца ў чарзе па апастыль у Менску?


Ужо два тыдні, як у Беларусі зноў прымаюць дакументы на апастыль. І ўвесь гэты час штодня каля галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС у Менску збіраюцца вялізныя чэргі ў некалькі сотняў чалавек. Валанцёрам, якія спрабавалі арганізаваць людзей у чарзе, супрацоўнікі МЗС забаранілі гэта рабіць. Пра тое, што адбываецца каля консульскага ўпраўлення, «Белсату» распавёў мянчук, які ўжо другі тыдзень чакае магчымасці паставіць на свае дакументы апастыль.

Чарга на атрыманне апастылю пасля аднаўлення прыёму дакументаў у Менску, Беларусь. 22 сакавіка 2022 года.
Фота: чытачы / Zerkalo.io

«Людзі збіраюцца стаяць і на выходных, каб у панядзелак падацца»

21 сакавіка галоўнае консульскае ўпраўленне МЗС Беларусі аднавіла прыём дакументаў на апастыль. Перад гэтым, 10 сакавіка, нібыта з-за тэхнічных прычынаў прымаць дакументы перасталі. З самай раніцы 21 сакавіка каля консульства сабралася вялізная чарга з ахвочых паставіць апастыль. Людзей не стала менш і пасля таго, як 22 сакавіка стала вядома, што цяпер легалізацыя аднаго дакумента будзе каштаваць 32 рублі (раней – 16 рублёў), а апастыль на адным дакуменце – 160 рублёў (раней – 16 рублёў).

Пачалі з’яўляцца паведамленні, што чаргу спрабавалі разагнаць. Наш суразмоўца (імя папрасіў не называць), які ўжо два тыдні стаіць пад МЗС у чаканні апастылю, кажа, што ў першыя дні людзі стаялі ля самых дзвярэй, была штурханіна, і міліцыі давялося ўмяшацца, каб супрацоўнікі консульства мелі магчымасць прайсці.

Калі чарга станавілася толькі больш, людзі зразумелі, што трэба неяк самаарганізоўвацца. З’явіліся валанцёры, якія складалі спісы, пачалі ладзіць дзяжурствы па 5-6 чалавек па дзве гадзіны, кругласутачна. Людзі змяняліся, маглі хадзіць на працу, распавядае мянчук. Прыходзілі адпаведна са сваімі нумарамі і спакойна падаваліся. Не было ніякага шуму, чарга нікому не перашкаджала.

– Але ўчора (31 сакавіка – рэд.) нейкаму супрацоўніку МЗС раптам не спадабалася, што людзі самаарганізаваліся, і пасля прыёму ён загадаў – усіх валанцёраў і спісы прыбраць, – распавядае мужчына. – У выніку людзі зноў пачалі займаць чаргу з 5 гадзінаў вечара, каб сёння падацца. Зноў стаяць пад дзвярыма МЗС па 12-15 гадзінаў. Сёння, калі я сыходзіў, было 200 чалавек. Кажуць, што збіраюцца і на выходных там стаяць, каб у панядзелак трапіць у консульства.

«Такіх чэргаў каля МЗС не бачыў нават пасля выбараў 2020 году»

Чым супрацоўнікам МЗС не спадабалася самаарганізацыя людзей у чарзе, яны не патлумачылі, кажа наш суразмоўца. Аднак паабяцалі прымаць дакументы хутчэй.

– Сёння выйшаў супрацоўнік, падзяліў чаргу на тых, у каго адзін дакумент, і ў каго два і больш, – кажа мянчук. – У каго адзін дакумент, адразу іх пазбіралі і занеслі ўнутр, а людзям потым аддавалі квіткі. Астатнія засталіся чакаць, іх прымалі ў звычайным рэжыме.

Акрамя таго, павялічылі час прыёму дакументаў – калі раней прымалі з 8 да 10:30 гадзінаў раніцы, то цяпер – да 12:00.

За гэты час паспяваюць прыняць 70-100 чалавек, але гэта вельмі мала, кажа суразмоўца «Белсату».

– У спісах валанцёраў было амаль 3000 чалавек. З іх падацца паспелі толькі каля 800, – зазначае мянчук. – Я такіх чэргаў каля МЗС не бачыў нават пасля падзеяў жніўня 2020 году.

Апастыль – гэта адмысловы штамп, які легалізуе дакументы. Дакумент, выдадзены ў адной дзяржаве, атрымлівае юрыдычную сілу ў іншай пасля прастаўлення апастылю. Ставяць яго на асабістыя, дзелавыя дакументы, а таксама іх копіі і пераклады, завераныя натарыяльна.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў