Недасып – чума XXI стагоддзя. Як не забіць сябе самога, тлумачыць лекар




Калі варта класціся і колькі гадзінаў спаць для захавання здароўя? Ці ўплывае пастава на якасць сну? Якія прылады дапамогуць чалавеку добра выспацца? Пра тое, як правільна спаць, нам распавёў лекар, кандыдат медычных навук Андрэй Белавешкін.

Колькі трэба спаць?

Навукоўцы кажуць, што ў сярэднім трэба спаць 7–8 гадзінаў.

«Ёсць нейкі адсотак людзей, якія генетычна могуць высыпацца нават за 6 гадзінаў. Але навука не ведае ніводнага чалавека, які б спаў меней за 5 гадзінаў доўгі час і заставаўся б здаровы», – кажа Андрэй Белавешкін.

Лекар зазначае, што чым дакладней наш сон суадносіцца з цёмным часам сутак, тым лепш. У нас цямнее рана, але гэта не значыць, што трэба класціся спаць а 5 гадзіне вечара, бо можна адаптаваць арганізм проста ўключыўшы святло.

Што датычыць графіку сну, то найлепей прачынацца ў адзін і той жа час. Тады арганізм уключае свой біялагічны гадзіннік і прачынацца становіцца нашмат лягчэй.

Ці ўплывае пастава на сон?

Павінна быць лёгкая магчымасць змяніць паставу падчас сну.

«Ёсць навуковае даследаванне, якое паказвае, што лепей за ўсё спаць на баку. Бакі трэба мяняць, бо, калі вы іх не мяняеце, яны будуць зацякаць», – кажа лекар.

Дэвайсы для сну

Варта выкарыстоўваць маску для сну.

«Чым большы наш узрост, тым менш выпрацоўваецца гармону сну (мелатаніну), а ён залежыць ад свету ў наваколлі. Напрыклад, ліхтар ці святладыёды ад камп’ютара могуць змяншаць узровень мелатаніну, а, чым менш мелатаніну, тым горшы сон», – тлумачыць Андрэй Белавешкін.

Менавіта з гэтай прычыны вельмі важна, каб у пакоі была абсалютная цемра.

Калі ад светлавога забруджання мы выкарыстоўваем маску, то ад гукавога – берушы.

Паводле даследаванняў, калі пазбягаць гукавога забруджання падчас сну, то можна працягнуць сваё жыццё ледзь не на 5 гадоў.

«Мы вельмі лёгка прызвычайваемся да гукаў, здаецца, што мы іх не заўважаем, але гэта самападман. Арганізм кожны раз рэагуе на гукі, падвышаецца ўзровень адрэналіну. Мы можам прачынацца, але тут жа зноўку засыпаем. Сон развальваецца на кавалкі», – тлумачыць Белавежкін.

Недахоп сну вельмі сур’ёзна сказваецца на ўсіх паказніках здароўя чалавека, таму сон мусіць быць на першым месцы. Больш падрабязна – глядзіце ў новым выданні «Мова Нанова» (відэа вышэй).

Стужка навінаў