«Не спяшайцеся нас хаваць!» Улада ацаніла папяровую прэсу, паспрабаваўшы яе забіць

Выгнанне чатырох недзяржаўных газет з сістэмы распаўсюду «Белпошты» стала канстатацыяй факту іх існавання. І больш за тое – іх небяспекі для ўлады.

Можна колькі заўгодна казаць пра надыход эры інтэрнэту, які нібыта і пахавае папяровую прэсу. Але калі б гаворка ішла аб «жывых нябожчыках» – які сэнс з імі змагацца? Хай бы іх інтэрнэт і пахаваў.

Жаночы марш і акцыя людзей з інваліднасцю абʼядналіся.
Фота: Агата Квяткоўска / «Белсат»

Але – не. Беларуская дзяржава не ў першы раз наступае на тыя ж граблі. У 1995 годзе іншыя газеты выганяліся і з друкарняў, і з Беларускага Дома друку, які належыць Кіраўніцтву справамі прэзідэнта. Зараз гэтыя газеты сталі легендамі, як легендамі сталі і імёны іх стваральнікаў – Пятра Марцава («БДГ», «Имя»), Ігара Герменчука («Свабода»), Ірыны Сакаловай і Юрыя Тапарашава («Фемида»). Але тады былі жывыя і людзі, і газеты.

Выбудоўвалася чарга добраахвотных распаўсюджвальнікаў, а прадстаўнікі дзяржаўных бібліятэк, у тым ліку – Прэзідэнцкай бібліятэкі – прыходзілі з просьбай выдаць ім на рукі абавязковы асобнік, каб захаваць цэласнасць падшывак.

І газеты – жылі.

Другі раз іх паспрабавалі пахаваць донары, якія прывыклі ацэньваць сітуацыю ў Беларусі па матрыцах уласных, цалкам, як ім здавалася, цывілізаваных дзяржаў. Прасякнуўшыся снабізмам, яны пачалі распаўсюджваць інфармацыю аб тым, што ўсё – канец папяровых выданняў ўсё бліжэй і бліжэй…

А аказалася, што – не.

Жаночы марш і акцыя людзей з інваліднасцю абʼядналіся.
Фота: Агата Квяткоўска / «Белсат»

Інтэрнэт зусім не забіў «паперу». Засталося жыць і галасаваць тое пакаленне, якое практычна не карыстаецца інтэрнэтам. Але яно прызвычаілася атрымліваць газету, чытаць яе і перадаваць суседзям.

Так адбываецца з «Народнай Воляй», якая стала важнай крыніцай інфармацыі ў малых і сярэдніх гарадах.

Так адбываецца са «Свободными новостями плюс» у гарадах большых.

Жывыя і тыя пенсіянеры, хто чытаюць «таўстушку»-«Камсамолку».

Жывыя, хаця пазбаўленыя доступу да Інтэрнэту, але чытаюць «БелГазету» вязні беларускіх калоній.

Газета ў цяперашніх умовах замяніла ўлётку, таму што мае легальны статус, які дазваляе распаўсюджваць яе свабодна.

Улада ў гэтым пераканалася. Узяўшы пад кантроль Інтэрнэт, яна пачала чарговы раўнд вайны з «паперай».

Калісьці мая жонка сказала, што будзе выпісваць недзяржаўную беларускую прэсу да таго часу, пакуль тая будзе друкавацца. Гэта была наша сямейная форма пратэсту.

Цяпер падтрымка недзяржаўнай папяровай прэсы становіцца адной з першачарговых задач дэмакратычных сіл.

Пратэсты ў Беларусі. Жнівень – верасень 2020 г.
Фота: Леся Пчолка

Распаўсюджвайце газету сярод тых, каго вы ведаеце, з кім маеце зносіны ў дваровых і мікрараённых чатах. Яна ж не закліканая замяніць телеграм-каналы і сайты. Яна адрасаваная іншым людзям. Знайдзіце тых, хто верыць папяроваму носьбіту больш, чым Інтэрнэту, хто не карыстаецца інтэрнэтам (так, ёсць і такія, уявіце сабе!). Дайце ім у рукі Нумар «Народнай Волі» або «Свободных новостей» – а далей, будзьце ўпэўненыя, гэты асобнік прачытаюць два, пяць, дзесяць чалавек! Чытачы газет ведаюць адзін аднаго, маюць зносіны – яны ж людзі адной сацыяльнай групы, аднаго пакалення, аднаго кола. Прывязіце пачак газет сваім бацькам – з Менску ў Пінск, у Смалявічы, у Лёзна або Шчучын. Гэтыя асобнікі не згараць у топцы, а будуць прачытаныя, іх публікацыі абмяркуюць, і гэта таксама стане прарывам.

Ня будзьце піжонамі, моладзь! Разгарніце нумар газеты ў вагоне метро, дэманстратыўна. Гэта будзе не меншым знакам апазіцыйнасці, чым значок з «Пагоней» ці белы аркуш паперы ў акне. І гэта будзе зразумелы для ўсіх знак: вы чытаеце газету – значыцца, у ёй ёсць нешта важнае, патрэбнае, сумленнае.

Класік пісаў, што рукапісы не гараць. Газеты яшчэ не згарэлі. Паверце тым, хто спрабуе забіць іх, і не дапусціце гэтага.

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў