«На фіг расейцам татарская мова? Навошта ўкраінская? У нас іншыя сківіцы»


У інтэрнэце набывае папулярнасць відэа, на якім жыхарка Крыму зрабіла шэраг заяваў наконт моўнага пытання на паўвыспе.

Журналісты крымскататарскага тэлеканалу «ATR»запыталіся ў жанчыны, ці абавязкова, паводле ейнага меркавання, у крымскіх школах трэба вывучаць тры «дзяржаўныя мовы» – расейскую, украінскую і крымскататарскую.

Жанчына адказала журналісту лаканічна: «Не, вядома. А навошта?». На ейную думку, у школах мусіць вывучацца толькі родная мова.

Падчас дыскусіі кабета заявіла, што ў расейскамоўных людзей па-іншаму ўладкаваныя сківіцы. «У нас жа, нават… гэта вось… па-іншаму тут сківіцы… Вось мы… Я на ўкраінскай нават не змагу, у мяне па-іншаму размешчаныя вось гэтыя вось косткі, напэўна», – заявіла жанчына, паказваючы на свой ​​твар.

Паводле жыхаркі Крыму, расейцам не патрэбная ні крымскататарская, ні ўкраінская мова.

У сакавіку 2014 года кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што ў Крыме будуць тры дзяржаўныя мовы – расейская, украінская і крымскататарская.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў