На кірмаш у Вільню беларусы прывезлі ікру, абстрактныя карціны ды лялькі Бабы-Ягі


Мастачка з Віцебску Людміла Жукава

У Вільні ўжо ў восьмы раз прайшоў Кірмаш народаў.

Беларусы ўзялі ўдзел у імпрэзе, паставіўшы каля 20 намётаў з вырабамі. Былі выстаўленыя як працы народных майстроў з розных куткоў Беларусі, так і беларусаў Літвы.

Адзін з беларускіх намётаў, упрыгожаны саламяным буслам, здалёк прыцягваў наведнікаў.

«Мы, беларусы, заўсёды вылучаемся, у нас беларуская атрыбутыка, арнамент. Мы ўвесь час так з іскрынкай стаім, прыгожа», – распавядае мастачка з Віцебску Людміла Жукава, якая ў літоўскую сталіцу прывезла свае вінтажныя карціны са скуры.

Намёт з буслам

А рамесніца з Менску Надзея Сойка прывезла ў Літву арыгінальныя лялькі.

«Больш за ўсё набываюць анёлаў, потым па папулярнасці ідзе Баба-Яга. У сваіх працах я старалася выкарыстоўваць беларускія матывы. І гэткія лялькі спецыяльна набываюць, кажуць: так я зразумеў, што гэта беларускі матыў, я хацеў менавіта гэта», – распавядае Надзея Сойка пра густы пакупнікоў.

Мастачка з Менску Ірына Дзёміна прывезла на кірмаш свае скураныя торбы з намаляванымі і выпаленымі карцінамі. Такія малюнкі не змываюцца вадой.

«Мне вельмі падабаецца, як тут людзі гуляюць, з захапленнем усё разглядаюць, як яны цягнуцца да ўсяго гэтага прыгожага. Ёсць інтарэс, хай ня купіць, але хаця б проста палюбавацца. Гэтую эстэтычную асалоду, я думаю, літоўцы ўмеюць атрымліваць. Тутэйшым людзям вельмі падабаецца на сумках горад, абстракцыя», – дзеліцца назіраннямі мастачка.

Лялька Бабы-Ягі

Быў на кірмашы і намёт з беларускай сімволікай – бел-чырвона-белым сцягам ды гербам Пагоняй. Так упрыгожылі сваё месцы беларусы Вільні.

Нечакана было пабачыць і… беларускую марскую ікру. А менавіта тую, што вырабляецца з марской водарасці Ламінарыя.

Беларуская ікра

Ганна Русінава, belsat.eu

Стужка навінаў