Мюнхен: па людзях страляў 18-гадовы іранец


Паліцыя Мюнхену паведаміла, што стральбу ў адным з гандлёвых цэнтраў гораду зладзіў 18-гадовы іранец, які дзейнічаў адзін.

Як паведаміў на прэс-канферэнцыі начальнік паліцыі гораду Губерт Андрэ, маладзён меў падвойнае грамадзянства Нямеччыны ды Ірану і жыў у Мюнхене ўжо некалькі гадоў.

Ягонае цела было знойдзенае падчас спецаперацыі прыкладна за кіламетр ад месца трагедыі. Пакуль невядома, ці быў ён забіты паліцыянтамі ці забіў сябе сам. Матывы ягонага ўчынку таксама трэба высветліць.

Увечары 22 ліпеня ў Мюнхене ля гандлёвага цэнтру «Алімпія» на паўночным захадзе Мюнхена невядомы адкрыў страляніну па мінаках, забіўшы дзевяць чалавек.

Раней паступалі звесткі, што нападнікаў было трое.

Паводле звестак уладаў, дзевяць чалавек загінулі і 16 атрымалі раненні, трое з іх знаходзяцца ў крытычным стане.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў