Міліцыя зняпраўджвае інфармацыю пра інцыдэнт з узброеным «міліцыянтам» у менскім аўтобусе


25 лістапада жыхарка Менску Ксенія Галубовіч распавяла ў сваім «Facebook’у» шакуючую гісторыю з удзелам пʼянага «міліцыянта».

Паводле дзяўчыны, у мінулую суботу нецвярозы мужчына зайшоў менскі аўтобус № 54, дастаў пісталет, перазарадзіў яго і пачаў цэліць у людзей.

У каментары «Белсату» Галубовіч адназначна сцвярджае, што мужчына меў на сабе міліцэйскую форму «з нашыўкаю». Вось, што распавяла Ксенія Галубовіч нашым журналістам неўзабаве пасля інцыдэнту.

Падпалкоўнік міліцыі ў запасе Мікалай Казлоў, каментуючы здарэнне ў эфіры «Белсату», адзначыў, што міліцыянт мае паўнамоцтвы дастаць зброю і адправіць патрон у патроннік, але пры ўмове, што праваахоўнік ведае, што можна або мусіць ужыць зброю.

«Сітуацыя, гэтак як яе апісала Ксенія – абуральная. Я так разумею, што нецвярозы супрацоўнік міліцыі дастаў зброю ў грамадскім транспарце. Гэта мяжуе са злачынствам», – упэўнены Мікалай Казлоў.

28 лістапада дзяўчына напісала ў сваім «Facebookʼу», што «Белсат» распаўсюдзіў ейны каментар пра здарэнне без пацверджання інфармацыі ў праваахоўных органах.

29 лістапада на сайце Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў (ГУУС) Менгарвыканкаму зʼявілася публікацыя, у якой інцыдэнт з узброеным «міліцыянтам» называюць «фэйкам».

«27 лістапада дэструктыўныя медыі зрабілі спробу распаўсюдзіць у сетцы Інтэрнэт відэаролік, у якім мянчанка Ксенія Галубовіч распавяла пра здарэнне, якое мела месца 25 лістапада 2017 года ў грамадскім транспарце ў Фрунзенскім раёне Менску, – гаворыцца ў паведамленні. – Праверка паказала, што гэтая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і накіраваная выключна на дыскрэдытацыю органаў унутраных справаў».

Таксама ГУУС Менгарвыканкаму апублікавала відэа размовы супрацоўніка міліцыі з Ксеніяй Галубовіч.

У размове з праваахоўнікам дзяўчына не змагла адназначна пацвердзіць звесткі аб тым, што «мужчына з пісталетам» быў міліцыянтам.

Акрамя таго, ГУУС апублікавала аудыёзапіс размовы з яшчэ адным відавочцам здарэння. Малады чалавек, які патэлефанаваў у міліцыю, кажа, што «агрэсіўны мужчына» быў цывільнай вопратцы і меў на сабе кашулю з надпісам «паліцыя».

Паводле ГУУС Менгарвыканкаму, праваахоўнікі не знайшлі «мужчыну з пісталетам».

belsat.eu

Стужка навінаў