Мікола Статкевіч пра расейскую авіябазу: Расея хоча выгандляваць у напалоханага Захаду нейкія саступкі


Расейская авіябаза ўсё ж паўстане ў Беларусі. Адпаведную пастанову ўраду Расеі падалі на подпіс прэзідэнту суседняй дзяржавы УладзІміру Пуціну. Пра гэта напярэдадні заявіў прэм’ер-міністр Расеі Дзмітрый Мядзведзеў падчас прэс-канферэнцыі ў Горадні, якая прайшла акурат у гадавіну бітвы пад Воршай і ў Дзень беларускай вайсковай славы.

Якія прэферэнцыі цяпер чакаць афіцыйнаму Менску з боку Крамля?

ПАВЕЛ ФЕЛЬГЕНГАЎЭР, ПАЛІТОЛАГ:

«Я не ўпэўнены, што будзе нейкая значная сума за арэнду. Беларусь увесь час хоча ўзяць ад Расеі валюту, а таму магчымы чарговы транш якога-небудзь чарговага крэдыту, які можа быць дастаткова вялікім».

Згодна з афіцыйным дакументам, авіябаза ў Беларусі будзе выкарыстоўвацца для абароны дзвюх краінаў, у тым для «супрацьдзеяння ўзброенаму нападу з боку міжнародных тэрарыстычных фармаванняў». Згода на авіябазу будзе дзеяць цягам пятнаццаці гадоў і аўтаматычна будзе працягвацца. Размяшчэнне ў нашай краіне вайсковай базы выгаднае і для Лукашэнкі, і для Расеі.

МІКОЛА СТАТКЕВІЧ, ВАЙСКОВЕЦ, ПАЛКОЎНІК ЗАПАСУ:

«Яна пашырае не толькі вайсковы, але і палітычны ўплыў. Яна прысутнічае тут вайсковымі сіламі, і можа скарыстаць гэтыя сілы для ўнутранага ўмяшання. Яна пагражае адсюль Захаду і спадзяецца, што такім чынам можна будзе выгандляваць у напалоханага Захаду нейкія саступкі».

Аб’ект стане ўжо трэцяю вайсковаю базаю Расеі ў Беларусі, хоць афіцыйна будзе называцца базай упершыню. Адзін з такіх пунктаў, 43-і вузел сувязі Ваенна-марскога флоту Расеі, дзее ў Вялейцы яшчэ з 1964 года, іншы – радыёлакацыйная станцыя «Волга» – размяшчаецца пад Баранавічамі.

Віталь Бабін, «Белсат»

Стужка навінаў