Марына Літвіненка: Ніхто не меркаваў, што знойдуць палоній (ЭКСКЛЮЗІЎНАЕ ІНТЭРВ'Ю)


Пра вынікі судовага працэсу па справе Аляксандра Літвіненкі з яго ўдавой Марынай гутарыць карэспандэнтка «Белсату» Вікторыя Колчына.

Ці ёсць сувязь паміж смерцю расейскай журналісткі Ганны Паліткоўскай і смерцю вашага мужа, якога забілі на некалькі тыдняў пазней?

Літаральна за тыдзень да смерці ён выступаў у «Front Line Club», клубе журналістаў, якія свабодна сустракаюцца. Гэта быў вечар памяці Ганны Паліткоўскай, і калі прагучала рытарычнае пытанне, хто забіў Аню, мой муж, які не быў дакладчыкам ці выступоўцам, папрасіў мікрафон і заявіў, што Ганну Паліткоўскую забіў Пуцін. Гэта была вельмі гучная заява. Да сёння засталіся відэаархіве, дзе бачна наколькі Саша перажывае смерць Ані, дзе ён абяцае расследаваць гэтую справу, каб даведацца, хто стаіць за гэтым злачынствам. Галоўную віну ён усклаў на чалавека, які на той момант лічыўся галоўным і які заўсёды казаў, што ён нясе адказнасць за ўсё, што адбываецца ў Расеі.

Аляксандра Літвіненку забілі пакінуўшы сляды палонія па ўсім Лондане. Барыса Нямцова забілі практычна каля Крамля. Ганну Паліткоўскую забілі ў дзень нараджэння Пуціна. Што яны хочуць гэтым сказаць?

Аню забілі ў Маскве і спрабавалі паказаць гэта як звычайнае крымінальнае забойства. Аказалася, што і следства, і суд паказалі, што за ёй сачылі людзі са спецслужбаў. Тое ж самае адбываецца са справай Барыса Нямцова – яно яшчэ не завершанае, суду не было.

Аднак, гэтыя дзве справы абʼядноўвае тое, што яны адбыліся ў Расеі. І ўсё следства ідзе на тэрыторыі Расеі, і адказнасць ляжыць на следчых органах Расеі. І мы не ведаем, наколькі яны хочуць расследаваць гэтую справу.

Забойства Сашы адбылося ў Лондане. Паліцэйскае расследаванне было незалежнае. Для брытанцаў гэтае забойства – экстраардынарнае. У практыцы следчых тут, у Англіі, такога яшчэ не здаралася. Гэтая смерць павінная была быць невытлумачальнай, калі чалавек памірае невядома ад чаго. Людзі, якія яго забівалі, не разлічвалі, што палоній будзе знойдзены. Толькі таму, што Саша пасля атручвання пражыў яшчэ 23 дні, стала зразумела, што гэта – радыяцыя. Ён выглядаў, як ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС, але ён не меў гамма-выпраменьвання.

Навошта яго забілі?

Банда захапіла краіну. І я, – кажа, – быў сябрам гэтай банды. А банда – нікога не выпускае. Я здолеў сысці, але мне гэтага не даравалі. І самае вялікае злачынства, якое ты можаш здзейсніць – гэта наступіць на іх права зарабляць грошы. Таму што пасля таго, як камуністычная мараль сышла, камуністычнай ідэалогіі больш не стала, то шукалі новую ідэалогію і ёй стала ідэалогія грошай. Магчымасць зарабляць грошы любым шляхам. Не сумленна, не бізнесам – а ўзурпаваць ўсё, што ёсць у гэтай краіне. Вось на гэта Саша наступіў. Ён стаў раскрываць, якім чынам бяруцца гэтыя грошы. І рабіў гэта прафесійна, таму што быў прафесіяналам. Ён папярэджваў, што калі спецслужбы зрастуцца з крыміналам і гэта будзе тое, што мы называем кіраваннем, дзяржавай, то гэта будзе пагрозай не толькі ў Расеі але і ў Еўропе. Саша жыў у Еўропе, таму ён пачаў і тут над гэтым працаваць. Тое, што адбываецца ў Іспаніі нават праз 10 гадоў пасля Сашынай смерці, калі працягваюць арыштоўваць, прадʼяўляць пазовы людзям, якія прызнаюцца злачынцамі і пры гэтым цесна звязаны з кіраўніцтвам Расеі – гэта тое, чым займаўся Саша. І за гэта яго маглі забіць.

Ці напрыклад калі ты знаходзішся на нарадзе ў кабінеце ў свайго начальніка і раптам да цябе звяртаюцца: «А ты б мог забіць Беразоўскага»? Для Сашы гэта быў шок.

Ён разумеў, што ўсё на праслухоўцы і, верагодна, ёсць камеры. І калі табе задаюць такое пытанне, то за гэтым нешта варта. Акрамя таго, то кіраванне, у якім ён працаваў, ужо некалькі разоў прымушала іх [Літвіненка і калегаў – рэд.] здзяйсняць супрацьпраўныя дзеянні. І раптам прагучала фраза пра Беразоўскага. Гэта было напярэдадні 1998 года. Я памятаю, што Саша тады быў вельмі прыгнечаны. Новы год, святы… А ён казаў: Марына, мне не да гэтага. Гэта не тое, што мяне крыўдзіла, я проста не магла гэтага зразумець.

Пазней Саша сустрэўся з Беразоўскім і спытаў, ці разумее ён, што супраць яго можа быць здзейснена такое злачынства. Беразоўскі ў гэта не паверыў. Пазней было праведзена ўнутранае расследаванне, якое павярнулася супраць Сашы і яго калег. І тады зʼявіўся страх. Узнікла адчуванне, што з імі проста расправяцца. Саша зразумеў, што ў гэтай сістэме ніколі не знойдзеш справядлівасці і законнасці, што ідзе захоп улады любой цаной. Цаной выцяснення людзей па-за «сістэмай». Пасля гэтага, як мы ведаем, усе важныя пасады пачалі займаць былыя супрацоўнікі КДБ.

Ці верыце вы ў версію з самагубствам Барыса Бярозаўскага?

Паліцэйскія прыйшлі да высновы, што гэта самагубства. Быў незалежны эксперт, які сказаў, што ёсць факты, якія могуць пацвердзіць, што гэта забойства. Асабіста мне вельмі цяжка паверыць, што Барыс Абрамавіч мог сябе забіць. Ён столькі разоў адчуваў ціск і перажываў падзення, што нават такі разбуральны пройгрыш [арышт уласнасці, пралабіраваны расейскімі ўладамі – рэд.] мог на яго так паўплываць. Я думаю, што гэта было давядзенне да самагубства.

Чаго вы чакаеце ад брытанскага боку пасля разгляду вашай справы?

Працэс скончыўся ўжо даўно – у студзені гэтага года. І мяне пытаюцца, чаму брытанскі Ўрад не рэагуе так актыўна, як некаму хацелася б. Я лічу, што меры, якія павінен прыняць брытанскі Ўрад, павінны быць добра падрыхтаванымі і не маментальнымі. У судзе было сказана, што расейская дзяржава нясе адказнасць за смерць майго мужа, больш за тое, прэзідэнт Пуцін і дырэктар ФСБ Патрушаў не маглі не ведаць пра падрыхтоўку злачынства. Гэта было самае важнае, што прагучала ў судзе.

Я не чакаю, што разарвуць адносіны паміж Вялікай Брытаніяй і Расеяй. Тыя меры, якія будуць прынятыя, яны будуць арыентаваныя на будучыню. Я ўпэўнена, што немагчыма мець адносіны з дзяржавай, якая не выконвае сваіх абавязкаў – не выдае злачынцаў і пакрывае іх. І гэта можа паўплываць на будучыя адносінах Расеі і Англіі.

Гутарыла Вікторыя Колчына, Лондан, «Белсат»

Стужка навінаў