Маеш карту паляка – атрымай польскае грамадзянства праз год


Фота polsha24.com

Кіроўная ў Польшчы партыя «Закон і справядлівасць» рыхтуе змены ў закон аб карце паляка. Згодна з новаўвядзеннямі, асобы з адпаведным дакументам будуць мець палёгкі ў атрыманні польскага грамадзянства і змогуць атрымаць яго ўжо пасля года пражывання на тэрыторыі Польшчы.

Старшыня галоўнай рады Саюзу палякаў Анжэліка Борыс лічыць, што змены ў заканадаўстве павінны паспрыяць павелічэнню зацікаўленасці картай паляка жыхароў Беларусі польскага паходжання. Перашкодзіць гэтаму могуць толькі ўлады краіны.

«Трэба браць пад увагу той фактар, што консульствам фізічна бракуе людзей, якія б гэтым займаліся. Улады Беларусі супраць гэтага закону. Да гэтага часу беларускі бок не даваў згоды на дадатковы склад консульстваў, каб яны мелі магчымасць прыняць большую колькасць ахвотных», – скаментавала радыё «Рацыі» дзяячка Саюзу палякаў Беларусі Анжэліка Борыс.

Паводле дэпутата польскага парламента і старшыня камісіі па сувязях з палякамі за мяжой Міхала Дворчыка, змены аблегчаць «эвакуацыю» палякаў з-за мяжы, а таксама дапамогуць клапаціцца пра іх.

«У залежнасці ад магчымасцяў польскага дзяржаўнага бюджэту такая асоба зможа звярнуцца па дапамогу ў адаптацыі ў Польшчы, у тым ліку на фінансавае падтрыманне на арэнду жытла альбо вучобу», – сказаў дэпутат у каментары kresy24.pl.

За сем гадоў існавання закону карту паляка атрымалі больш за 150 тысяч чалавек з краін былога Савецкага Саюзу. Большасць з іх паходзяць з Беларусі (Гарадзеншчыны) і Украіны.

ДР, паводле racyja.com, kresy24.pl

Глядзі таксама
Каментары