«Лукашэнка "ўзяў на понт" Вярхоўны Cавет» – Павел Знавец адказаў Мечыславу Грыбу


Аляксандр Лукашэнка здзейсніў антыканстытуцыйны дзяржаўны пераварот у 1996 годзе і віна Вярхоўнага Cавету і Канстытуцыйнага суда, якія не перашкодзілі яму – відавочная. Гэтак сцвярджае дэпутат Вярхоўнага савету 13-га склікання Павел Знавец у адказе на інтэрвю з Мечыславам Грыбам, апублікаваным на belsat.eu.

У размове з журналістам belsat.eu Яўгенам Балінскім былы старшыня Вярхоўнага савету Мечыслаў Грыб заявіў, што калі Аляксандр Лукашэнка ініцыяваў змены ў Канстытуцыю, беларускі парламент не мог яму перашкодзіць.

«І мы не маглі яму ні адмовіць, ні нават рэдагаваць ягоныя пытанні, таму што гэта было ягонае права. Мы былі абавязаныя вызначыць дату правядзення – вось і ўся нашая місія», – сказаў Мечыслаў Грыб.

Наступствам гэтага рэферэндуму сталася наданне амаль неабмежаваных паўнамоцтваў прэзідэнту Беларусі. Аляксандр Лукашэнка разагнаў Вярхоўны савет ды стварыў падкантрольную яму Палату прадстаўнікоў.

У сваім блогу на рэсурсе «Беларускі партызан» Павел Знавец не пагаджаецца з Мечыславам Грыбам.

«Як юрыст і непасрэдны ўдзельнік тых падзеяў я катэгарычна адмаўляю, што ў Вярхоўнага Савету не было прававых падставаў адмовіць Лукашэнку ў зацвярджэнні прапанаваных ім пытанняў на рэспубліканскі рэферэндум», – піша Павел Знавец.

Паводле яго, тады былі магчымасці не толькі не зацвярджаць правядзенне рэферэндуму, але нават прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку да судовай адказнасці ці прымусовага лячэння. Лукашэнка ж не меў права выносіць якія заўгодна пытанні на рэферэндум.

Але кіраўнік краіны «браў, як кажуць у народзе, дэпутатаў “на понт”, дэманструючы сваю «крутасць і рашучасць». І ўзяў-такі! Дэпутаты парламента і суддзі Канстытуцыйнага суда спужаліся!»

«У Беларусі быў паспяхова здзейснены пад выглядам «рэферэндуму»антыканстытуцыйны дзяржаўны пераварот з захопам усёй улады ў краіне адной асобаю, што займала на той момант найвышэйшую чынавенскую пасаду ў дзяржаўным апараце – пасаду прэзідэнта. Віна Вярхоўнага савету як найвышэйшага калектыўнага заканадаўчага органа ўлады ў краіне, як, зрэшты, і віна Канстытуцыйнага суда як органа найвышэйшай судовай улады – відавочныя», – перакананы Павел Знавец.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў