«Лукашэнка не абскарджвае санкцыі ў Еўрапейскім судзе, бо дбае пра імідж»


Наступнымі пасля беларускіх бізнесоўцаў «чорны спіс» ЕЗ могуць пакінуць бізнесоўцы з Расеі. Усе яны маюць неблагія шанцы адмяніць санкцыі праз Еўрапейскі суд.

«Паразітуюць на еўрапейскіх дэмакратычных каштоўнасцях»

У Еўрапейскім звязе сутыкнуліся з незвычайнай праблемай: санкцыі, якія ўводзіць аб’яднаная еўрапейская супольнасць, раптам скасоўваюцца. Прычым не з-за капрызаў якой-небудзь краіны-сябра звязу, а з-за рашэнняў аднаго з яго ўласных інстытутаў – Еўрапейскага суда. Раз за разам ён адмяняў санкцыі супраць іранскай ядравай праграмы, кіраўніцтва Сірыі альбо асобаў, звязаных за Аль-Кайдай. Цяпер тое ж можа стацца і з санкцыямі супраць расейскіх кампаній і бізнесоўцаў, прыбліжаных да Крамля, піша «EUobserver»:

«Краіны-сябры пачалі нервавацца, асцерагаючыся, што эмбарга супраць расейскіх кампаній і прыватных асобаў можа пайсці такім ж шляхам. Іх асцярогі могуць быць апраўданымі».

Сярод тых, хто накіраваў заявы ў Еўрапейскі суд – «Роснефть», «Сбербанк» і алігарх Аркадзь Ротэнберг. «Businessweek» піша, што справамі некаторых расейскіх прадпрыемстваў зоймецца лонданскі юрыст Сарош Зайўаля – менавіта з яго дапамогай іранскі банк «Mellat» паспяхова аспрэчыў санкцыі.

«Такая рэчаіснасць: выкарыстоўваюць судовую сістэму той жа самай Еўропы. Паразітуюць на дэмакратычных каштоўнасцях, як ні дзіўна гэта выглядае», – адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі. Прыкладна такога ж меркавання прытрымліваецца і палітолаг Андрэй Елісееў.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Хто наступны?

Ці працягнуць беларусы з санкцыйнага спісу змагацца за свае правы? Андрэй Елісееў кажа, што ўсе бізнесоўцы і так ужо накіравалі свае заявы. Што да чыноўнікаў і журналістаў, безумоўна, некаторых можа натхніць поспех журналіста Аляксея Міхальчанкі і нядаўняе рашэнне Савета ЕЗ. Але гэта будуць асобныя выпадкі, бо гэта ўсё патрабуе даволі шмат высілкаў і часу. А вось кіраўнік краіны наўрад ці дойдзе да Еўрапейскага суда, лічыць Андрэй Елісееў:

«Думаю, гэта, перадусім, іміджавая рэч: Лукашэнка палічыў лепшай стратэгіяй не даваць лішнюю нагоду СМІ згадваць пра санкцыі. Ён паказвае, што вышэй за гэта, што ён не дбае аб нейкіх рашэннях ЕС і пагатоў не збіраецца гуляць па правілах ЕС, каб звяртацца са скаргай у еўрапейскія органы».

Былы ж прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч вырашыў не задавацца і падаў позву ў Еўрапейскі суд. Але інфармацыі пра яго «рэабілітацыю» пакуль не было.

ЗК, belsat.eu

Стужка навінаў