Лукашэнка едзе па Азіі: Сяброўства на мільярд

video

Працягваецца азіяцкае турнэ Аляксандра Лукашэнкі: на мінулым тыдні кіраўнік Беларусі гасціў у Паднябеснай, на гэтым – у Узбекістане і Пакістане. Датычна апошняй краіны Менск мае напалеонаўскія планы: павялічыць таваразварот у 15-20 разоў, распачаць супрацу і ў галіне ядравай энергетыкі.

«Мы са спадаром прэмʼер-міністрам у Ісламабадзе паставілі цэль дасягнуць таваразвароту ў мільярд долараў», – казаў кіраўнік краіны год таму. І цяпер, ува ўрачыстай абстаноўцы, старыя мэты былі агучаныя ізноў. І не ў менш аптымістычнай манеры.

«Гэта асаблівы візіт, я адчуваю, што лёд крануўся, крануўся салідна і праз чатыры гады мы дасягнем чаканых вынікаў і збудуем падмурак нашых дачыненняў», – заявіў Лукашэнка на гэтым тыдні ў Ісламабадзе.

Пакуль вядома, што лёд крануўся ў сферы продажы беларускіх трактароў – падпісаны кантракт на трыццаць мільёнаў долараў. Таксама магчымае пагадненне па мадэрнізацыі ўкраінскіх танкаў, якія Пакістан набыў ува Украіне ў дзевяностыя гады. Менавіта ў мадэрнізацыі савецкай тэхнікі, а не ў айчынных трактарах ляжыць надзея на рост таваразвароту.

«Сапраўды ў Беларусі навучыліся танна і сярдзіта рабіць тую мадэрнізацыю, – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. – Але ж справа ў тым, што Пакістан даўно супрацоўнічае са Штатамі ў вайсковай сферы. У іх іншае ўзбраенне, іншыя стандарты, як у старым савецкім фільме – «гранаты не той сістэмы».

У пошуку новых сяброў ёсць і іншыя праблемы. Толькі летась у чэрвені Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з прэмʼер-міністрам Індыі. Лейтматыў там быў падобны да сённяшняга («мы падымем таваразварот»), але цяжка сябраваць з Індыяй і Пакістанам адначасова.

«Беларускія эліты не разумеюць кантэксту і сутнасці агульнай сітуацыі на Усходзе, – лічыць палітолаг Павел Усаў. – Перш за ўсё, яны намагаліся навязаць партнёрскія адносіны з Індыяй, і раптоўна пераварочваюцца на 180 градусаў і навязваюць кантакты з Пакістанам, які на сёння ёсць фактычна ворагам Індыі».

Краіны знаходзяцца ў стане халоднай вайны яшчэ з 1947 года. Сам візіт Лукашэнкі прайшоў пад рэха стрэлаў у спрэчным рэгіёне Кашмір, дзе ў чацвер загінулі тры асобы ў нападзе на пастарунак індыйскай арміі. Тым не менш, Менск вымушаны шукаць новых сяброў – рэальных і ўяўных.

У нафтагазавай спрэчцы з Расеяй ня бачна канца – доўг Беларусі перад Газпрамам вырас да трохсот мільёнаў долараў. А ў адказ на павышэнне Менскам тарыфаў на транзіт нафтапрадуктаў, расейская «Транснафта» проста адмовілася падпісваць адпаведную ўмову. Хаўруснікі дамовяцца, мяркуе палітолаг. Справа не толькі ў энерганосьбітах, ці рээкспарце Беларуссю санкцыйных тавараў, а ў тым, што Менск не жадае пускаць расейскую базу на сваю тэрыторыю, пра што гаворка вялася ня першы год і ўласна сёлета тая база мелася з’явіцца», – лічыць Усаў.

Пакуль жа беларускі лідар дэманструе, што і без Масквы сяброў у яго хапае. Пасля Пакістану надышла чарга на Узбекістан, падчас візіт у які эканоміка нават не абмяркоўвалася. Там беларускі лідар наведаў магілу Іслама Карымава.

«Два аўтарытарныя лідары, між сабой мала кантактавалі, у іх была вельмі няпростая гісторыя ўзаемадачыненняў. Можа, каб развеяць гэты негатыўны піяр, Лукашэнка вырашыўся на такі жэст, – кажа Класкоўскі. – Ну і другое – у беларускага лідара да ўсіх дыктатараў былі сантыменты».

Кіраўнік Беларусі публічна абараняў і Муамара Кадафі і Слабадана Мілошавіча і Садама Хусэйна, выратаваў ад рэвалюцыі Курманбека Бакіева. Гэткі своеасаблівы знак салідарнасці аўтарытарных лідараў.

Усевалад Шлыкаў

Глядзі таксама
Каментары