Скандальны дэкрэт аб «дармаедах» паставілі на паўзу, паведамляе belta.by. Адпаведнае рашэнне было прынятае 9 сакавіка на нарадзе па актуальных пытаннях развіцця краіны з удзелам кіраўніка Беларусі.
«Цягам сакавіка, калі трэба, нам трэба падкарэктаваць гэты дэкрэт. Але дэкрэт адмяняцца не будзе. Перадайце перш за ўсё чыноўнікам, што ён будзе выконвацца з тымі карэктыроўкамі, пра якія я сказаў», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Я, натуральна, назіраю, наколькі гэта магчыма, і адсочваю гэтую пісаніну ў медыях – і апазіцыйных, і праўладных. І ведаю заявы прадстаўнікоў пятай калоны і яшчэ некаторыя рэчы, чаго грамадства не ведае. Хоць намёк у медыях на гэта быў», – заявіў Лукашэнка.
Лукашэнка даручыў да 1 красавіка скласці новы спісы тых, хто павінен заплаціць падатак на «дармаедства». «Спісы павінны быць вывераныя. Прыцягнуць трэба ўсіх – дэпутатаў мясцовых Саветаў, міліцыю, участковых, спецслужбы – усіх прыцягнуць, але скласці гэтыя спісы. Яны павінны быць у кожнага старшыні гар і райвыканкама, кіраўнікоў адміністрацыяў у абласных цэнтрах і горадзе Менску. А Адміністрацыя прэзідэнта разам з урадам павінна арганізаваць кантроль за выкананнем гэтага рашэння. І не дай Бог вы пакрыўдзіце хоць аднаго чалавека», – раздаваў указанні Лукашэнка.
Тыя, хто ўжо заплаціў падатак, або будуць вызваленыя ад яго аплаты за 2017 год, або атрымаюць назад свае грошы, піша дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва belta.by.