Кітайскія рабочыя: «Мы хочам дадому, але нас не пускаюць»


Паехалі на заробкі, а цяпер мараць як найхутчэй сесці ў самалёт і вярнуцца дадому. Кітайскія гастарбайтары ў эксклюзіўным каментары «Белсату» распавялі, што некаторыя з іхных землякоў паміралі на будоўлі, але ўлады Беларусі гэтага не разгалошваюць.

«Здесь» – гэта значыць у беларускім Добрушы. Напярэдадні ў горад, дзе супраць затрымання заробкаў пратэстуюць занятыя на будоўлі кардоннага камбінату кітайскія рабочыя, прыбыў намеснік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Мікалай Снапкоў. Пра вынікі паездкі чыноўнік распавёў журналістам ТУТ бай, запэўніўшы, што канфлікт з кітайцамі развязаны.

МІКАЛАЙ СНАПКОЎ, НАМЕСНІК КІРАЎНІКА АДМІНІСТРАЦЫІ ПРЭЗІДЭНТА:

«Я быў там разам са спадаром амбасадарам, каб зразумець настроі людзей, сітуацыю. Яны ўсё абмеркавалі, рабочыя перагаварылі з прадстаўнікамі кампаніі. Пытанне знятае, заробак выплачаны».

Але літаральна ў гэты ж дзень у размове з нашымі журналістамі кітайскія рабочыя казалі зусім іншае.

ПРАЦАЎНІК «СЮАНЬ ЮАНЬ»:

«Ужо тры месяцы не выплачваюць заробкаў. А ў шмат каго дзеці, старыя бацькі ў Кітаі. Ім усім патрэбныя грошы. Яны ўсе бедныя, у іх няма грошай. Для мужчыны ж важна забяспечваць сваю сям’ю».

Пратэст соцень кітайскіх рабочых выбухнуў нечакана, у мінулы чацвер яны дайшлі да Гомлю, адтуль пехатою збіраліся ажно ў Менск, аднак прадстаўнікі амбасады Кітаю пераканалі страйкоўцаў вярнуцца ў Добруш. Зрэшты, непакояць кітайцаў не толькі заробкі, але і ўмовы працы.

ПРАЦАЎНІК «СЮАНЬ ЮАНЬ»:

«Тут небяспечна працаваць. Было ўжо вельмі шмат праблемаў, былі сітуацыі, калі кітайскія рабочыя паміралі. Гэта няправільна. Мы хочам дадому. Але нас не пускаюць».

Апошні няшчасны выпадак здарыўся ўчора з адным з кітайскіх будаўнікоў. Ён патануў у рацэ Іпуць.

Амаль тысяча кітайцаў прыехала ў Добруш тры гады таму. Тады афіцыйныя Менск і Пекін дамовіліся пра супольную мадэрнізацыю папяровай фабрыкі «Герой працы». Прыкладна тры чвэрці выдаткаў паклаліся на плечы Пекіну, але з умоваю – працаваць на будоўлі будуць менавіта грамадзяне Кітаю.

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, ЛІДАР БЕЛАРУСКАГА КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ:

«Мы, натуральна можам мець нейкі мадэрнізаваны аб’ект ці можам ажыццявіць новую будоўлю, але мы не можам ствараць новых рабочых месцаў. А гэта адна з мэтаў любога крэдыту, любой інвестыцыі».

Тым часам, нягледзячы на сезон адпачынкаў, у Беларусі выплата заробкаў становіцца ўсё больш сурёзнаю праблемай. За апошні месяц колькасць прадпрыемстваў-даўжнікоў вырасла больш, чым на сотню.

АЛЯКСАНДР ЯРАШУК, ЛІДАР БЕЛАРУСКАГА КАНГРЭСУ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ ПРАФСАЮЗАЎ:

«Беларусы павінныя прызвычаіцца жыць з гэтай праблемаю вельмі доўга. Маё меркаванне, што пры існуючай палітычнай, эканамічнай мадэлі, у беларускага рэжыму няма магчымасці і сродкаў выплочваць годныя заробкі. Праблема будзе толькі ўзрастаць».

Апрача таго, лічыць эксперт, пасля прэзідэнцкіх выбараў Беларусі не пазбегнуць чарговай дэвальвацыі, што ў доларавым эквіваленце яшчэ больш зменшыць заробкі. Таму да ўжо не кітайскіх, але да беларускіх пратэстаў, на думку прафсаюзнага лідара, можа быць бліжэй, чым здаецца.

Алесь Яшчанка, belsat.eu

Стужка навінаў