Каталіцкага крыжа ў Белавежскім зносіць не будуць!


Падаецца, рэлігійны канфлікт, што разгарэўся ў аграгарадку Белавежскі, што на Берасцейшчыне, пагашаны. Мясцовая ўлада прыняла рашэнне не зносіць каталіцкага крыжа і пакінуць яго на тым жа месцы, дзе ён стаіць цяпер.

Мясцовыя каталікі звярнуліся да ўладаў з просьбай усталяваць у пасёлку крыж, але доўгі час не атрымлівалі адказ на свой зварот. І ў выніку ўсталявалі крыж самі, без дазволу ўладаў на ўездзе ў Белавежскі, побач з праваслаўным крыжам. Гэта вельмі не спадабалася мясцоваму праваслаўнаму святару і частцы з прыхаджанаў праваслаўнай царквы. Што рабіць далей з каталіцкім крыжам вырашалася на адмысловым сходзе жыхароў Белавежскага. Некаторыя праваслаўныя нават патрабавалі знесці каталіцкі крыж. Пасля доўгіх спрэчак залу пакінулі прадстаўнікі каталіцкай паствы, якія адмыслова не рэагавалі на рэзкія выказванні некаторых прадстаўнікоў праваслаўнага боку. Такім чынам рашэнне наконт далейшага лёсу каталіцкага крыжа ўзялі на сабе свецкія ўлады.

17 чэрвеня ксёндз Андрэй Бародзіч атрымаў адказ з Камянецкага раённага выканаўчага камітэту за подпісам кіраўніка райвыканкаму Андрэя Пісарыка.

«У выніку галасавання па пытанні ўстаноўкі прыдарожнага каталіцкага крыжа ў аграгарадку Белавежскі, падчас правядзення сходу грамадзянаў дадзенага населенага пункта, большасць грамадзянаў (рэальна галасавала каля 40 чалавек З 2,5 тыс. жыхароў Белавежскага – А.Л. ) выказалі меркаванне супраць яго ўстаноўкі. Аднак, беручы пад увагу пажаданні жыхароў рымска-каталіцкага веравызнання, прынятае рашэнне ўсталяваны крыж не дэмантаваць», – гаворыцца ў лісце.

«Прыхаджане вельмі цешацца, што так пазітыўна гэтая справа вырашылася, і я таксама задаволены. Я лічу, што вялікі розгалас, які быў у незалежных СМІ, вельмі дапамог, і ён дазволіць людзям, якія хаваліся са сваёй каталіцкай верай, быць больш упэўненымі. Гэты пераслед, дадасць ім моцы духа, каб бараніць свае веравызнанне!», – сказаў ксёндз Андрэй Бародзіч да падзякаваў «Белсату».

Алесь Ляўчук Belsat.eu

Стужка навінаў