Каму з бюджэтнікаў давядзецца «зацягваць пас»?


Выступаючы перад журналістамі міністар фінансаў Уладзімір Амарын паабяцаў, што сацыяльнай галіны скарачэнне выдаткаў не закране.

Намеснік старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па будаўніцтве Аляксей Кузьміч заявіў «Белсату», што афіцыйнай інфармацыі на гэты конт дэпутатам не паступала, але пагадзіўся, што, перадусім, будзе яшчэ больш урэзаная дзяржаўная інвестыцыйная праграма.

«Напрыклад, ну можна, я так думаю, зменшыць тэмпы будаўніцтва другой кальцавой дарогі. Мы жылі без яе……магчыма можна веткі некаторыя метро будаўніцтва прыпыніць», – заявіў Кузміч.

Незалежныя адмыслоўцы яшчэ адразу пасля прыняцця бюджэту напрыканцы мінулага году, казалі, што закладзеныя ў ім параметры, такія як сярэднегадавы курс долара па 18 тысяч 800 рублёў і рост ВУП на  0,3 % – заведама нерэалістычныя і апетыты прыйдзецца скарачаць пад рэчаіснасць. Незалежныя прафсаюзы, аднак, абураныя іншым.

«Мы да гэтай пары ня бачым крокаў, якія маглі б прывесці да таго, каб сітуацыя пачала мяняцца ў лепшы бок», – падкрэслівае прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук.

Старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў канстатуе, што на паглыбленне сістэмнага крызісу ўлады рэагуюць не рэформамі, а захадамі эканоміі, якія толькі адтэрміноўваюць абвал.

Раней старшыня Беларускай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін заяўляў, што, паводле даступных яму доследаў, больш за траціну бюджэтных выдаткаў можна было б скараціць за кошт грамадскага кантролю – рассакрэціўшы іх для ўсіх зацікаўленых грамадзянаў. Улады гэтыя ініцыятывы, аднак, ігнаруюць.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў