«Наша возьме!». Віталя Гуркова аднавілі ў зборнай


Віталь Гуркоў: «Мае перакананні і мой унутраны свет ніяк не змяніліся».

Міністэрства спорту хоча, каб спартовец прадстаўляў Беларусі на хатнім чэмпіянаце свету па таскім боксе. Без усялякіх умоваў.

У панядзелак Віталю Гуркову патэлефанавалі з Міністэрства спорту і паведамілі, што міністр прызначае яму сустрэчу.

Паводле Віталя, міністэрства хоча, каб ён прадстаўляў Беларусь на сёлетнім Чэмпіянаце свету па муай тай. Чыноўнікі гарантавалі спартоўцу медычнае забеспячэнне, экіпаванне і ўсё, што будзе патрэбна для паспяховага выступу.

«Прыняты ў шэрагі нацыянальнай зборнай!», – напісаў Віталь у «Фэйсбуку».

«Атрымліваецца, што мяне цалкам аднаўляюць: я ізноў буду спартсменам нацыянальнай каманды – буду рыхтавацца да спаборніцтваў, атрымаю фінансаванне на паездкі», – кажа Гуркоў у размове з «Еўрарадыё».

Чыноўнікі не ставілі перад Гурковым ніякіх умоваў.

«Я сябе паводжу і буду паводзіць гэтак жа, як і раней, – кажа Гуркоў. – Мае перакананні і ўнутраны свет ніяк не змяніліся».

Падчас размовы чыноўнікі не ўзнімалі пытанне ані пра бел-чырвона-белы сцяг, які Гуркоў узняў пасля перамогі на чэмпіянаце ў Тайландзе, ані пра капу з «Пагоняй», ані пра ўдзел у гурце «Brutto».

Віталь Гуркоў (справа) на канцэрце «Brutto» ў Варшаве.

Гуркоў кажа, што працягне сумяшчаць музычную дзейнасць з падрыхтоўкай да турніру.

«Цяпер мы ездзім па Беларусі, а не недзе па замежжы – не трэба зрывацца, адрывацца ад падрыхтоўкі і ляцець некуды далёка на канцэрт. І час яшчэ да чэмпіянату ёсць, што выдатна. Да ўсяго, гэта звыклы для мяне рэжым падрыхтоўкі, я цягам двух апошніх гадоў так рыхтуюся да спаборніцтваў, сумяшчаючы падрыхтоўку з паездкамі ды гастролямі. І ўсё атрымлівалася, – кажа Гуркоў. – Трэнерскі штаб складае для мяне адмысловы план падрыхтоўкі і, нягледзячы на тое, дзе я знаходжуся, я заўжды раблю той кавалак працы, які павінен зрабіць у межах спартовай падрыхтоўкі».

Віталь кажа, што ў Менск прыедзе дастаткова сур’ёзных байцоў, і спартовец пакуль не ведае, які сцяг ён уздыме ў выпадку перамогі: «Можа, гэтым разам увогуле будзе «Вясёлы Роджэр»!».

Чэмпіянат свету па муай-тай пройдзе ў Менску з 3 па 12 траўня ў Палацы спорту. Удзел у ім возьмуць спартоўцы больш, чым з 90 краінаў.

ДД

Глядзі таксама
Каментары