«Гісторыя пад знакам Пагоні» развітваецца са сваймі аматарамі


Апошняе выданне з цыклу «Гісторыя пад знакам Пагоні» выйшла ў эфір «Белсату» 22-га лютага.

«Гісторыя пад знакам Пагоні» – гэта цыкл праграмаў тэлеканалу «Белсат» пра найважнейшыя падзеі, з’явы і постаці беларускае гісторыі. У тэлевізійнае падарожжа ў часе гледачаоў запрашалі выбітныя аўтары – пісьменнік Уладзімір Арлоў і доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч. Іхныя веды ў спалучэнні з сучаснай прывабнай формаю прэзентацыі паказвалі гісторыю як захапляльную вандроўку.

Першая серыя з гістарычнага цыклу была прысвечаная старажытным людзям на тэрыторыі Беларусі і выйшла ў эфір вясною 2009-га года. За час свайго існавання праграма атрымала прызнанне, стаўшыся адной з самых папулярных на «Белсаце». Распавёўшы пра розныя перыяды ў гісторыі беларускіх земляў, цыкл закончыўся выданнем пра аўтара першай беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча. Гэты навуковец, выкладчык петраградскага ўніверсітэту пераклаў на беларускую мову «Iліяду» Гамэра, «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча. У 1928-ым годзе Тарашкевіча абралі акадэмікам Беларускай акадэміі навук, а 1938-ым годзе яго знішчыла НКВД.

Цяпер усе выданні праграмы – ад першага да апошняга – даступныя да прагляду на сайце Belsat.eu. Цыкл будзе цікавы настаўнікам, вучням, наагул шырокаму колу гледачоў, якія цікавяцца малавядомымі старонкамі айчыннай мінуўшчыны – гісторыі пад гербам Пагоня.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў