Еўразвяз працягне санкцыі супраць РФ і пашырыць чорны спіс


Еўрапейскі Звяз вырашыў працягнуць яшчэ на 6 месяцаў санкцыі ў дачыненні да Расеі, якія былі ўведзеныя ў сакавіку мінулага года ў сувязі з анексіяй Крыму, а таксама пашырыць чорны спіс.

Пра гэта заявіла Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ ў пытаннях вонкавай палітыкі і палітыкі бяспекі Федэрыка Магерыні пасля паседжання кіраўнікоў Міністэрстваў замежных справаў краін ЕЗ, падае pravda.com.ua.

Па словах Высокага прадстаўніка, дыскусія была вельмі плённай, і рашэнне было прынята аднагалосна. На думку Магерыні пазіцыя міністра замежных справаў Грэцыі Нікаса Катцыаса была канструктыўнай, заўважае unian.net.

«Мы пастанавілі падоўжыць санкцыі, уведзеныя ў сакавіку, да верасня гэтага года. Мы таксама вырашылі прапанаваць Еўракамісіі падрыхтаваць цягам тыдня новыя імёны фізічных і юрыдычных асобаў для ўнясення ў чорны спіс», – адзначыла прадстаўніца ЕЗ.

Паводле ейных словаў, новы чорны спіс будзе зацверджаны падчас наступнага пасяджэння кіраўнікоў МЗС краін ЕЗ, якое адбудзецца 9 лютага.

Акрамя таго, як адзначыла Магерыні, было прынята рашэнне пачаць падрыхтоўчую працу дзеля «далейшых мераў, якія могуць быць ужытыя для ўпэўненасці ў фактычнай рэалізацыі менскіх пагадненняў».

Рада ЕЗ па замежных справах таксама асудзіла абстрэл Марыупалю і адзначыла адказнасць Расеі за гэта злачынства.

Напярэдадні еўрапейскія медыі паведамілі, што новы ўльтралевы ўрад Грэцыі афіцыйна не падтрымаў заяву Еўразвязу з асуджэннем Расеі за яе агрэсію супраць Украіны з заклікам пра ўзмацненне санкцыяў.

МЯ, паводле pravda.com.ua, unian.net

Стужка навінаў