Еўрадэпутат для «Белсату»: У нас няма іншай альтэрнатывы, як ісці з Пуціным на дыялог


Пасля паездкі ў зону АТА еўрадэпутат Марк Дэмэсмакер разважае, як стабілізаваць сітуацыю на ўсходзе Украіны.

«Белсат»: Вайна ва Украіне працягваецца, але Ангела Мэркель сустракаецца з Пуціным у Маскве, Джон Керы сустракаецца з Пуціным… Ці не ёсць гэта ўсё, на Вашую думку, праяваю цынізму з боку палітыкаў?

Марк Дэмэсмакер: Думаю, што трэба ўсё ж спрабаваць падтрымліваць дыялог. Зусім зачыніць дзверы было б неразумным крокам. Еўрапейскі Звяз, вядома, занадта павольна рэагуе на падзеі ва Украіне. Вельмі і вельмі павольна ды запозна, згодна з маймі адчуваннямі. Але, урэшце, мусім прызнаць, некаторыя правілы ў гэтай гульні ўсё ж з’явіліся. І гэтыя правілы таксама цяпер зразумелыя рэжыму Пуціна, які сутыкнуўся з цэлым шэрагам заходніх санкцыяў. І гэтыя санкцыі добра працуюць! Ціск на пуцінскі рэжым існуе, і гэта без усялякага сумневу. Але ў пэўны момант гэтых дачыненняў і гэтага ціску трэба распачынаць дыялог, «дыялагіяваць» адно з адным. Але ў дыялогу, вядома, мусяць прысутнічаць двое. Існуе вельмі вялікі сумнеў, што Пуцін зацікаўлены ў гэткім дыялогу, але ж наладзіць яго мы ўсё ж такі мусім паспрабаваць. Пры гэтым абазначыўшы свае ясныя і зразумелыя патрабаванні: тая дактрына, якую цяпер рэалізуе Пуцін, не нашая дактрына. Мы яе не прымаем! Мы прытрымліваемся міжнародных прававых нормаў і правілаў, міжнародных канвенцыяў, прынцыпу павагі да тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, павагі да незалежнасці той або іншай дзяржавы, павагі да выбару ў сваім шляху, які робіць тая або іншая краіна. І гэта прынцыпы, якіх мы моцна трымаемся, і пра гэта ўжо было ясна і неаднаразова сказана. І гэтыя прынцыпы – базіс для дыялогу. І адступаць ад гэтых прынцыпаў ні ў якім разе нельга! Я спадзяюся, што і Ангела Мэркель і сп. Кэры гэта ўсё таксама ясна ўсведамляюць.

«Белсат»: То бок вы верыце ў дыялог, у тое, што можна, як Вы выказалі «дыялагіяваць» са спадаром Пуціным, і ў тое, што дыпламатыя ўрэшце запрацуе?

Марк Дэмэсмакер: Але ў нас няма іншай альтэрнатывы, апроч таго, як ісці з Пуціным на дыялог! Але ў межах гэтага дыялогу нашая пазіцыя мусіць быць вельмі ясная – мы не будзем рабіць аніякіх адступленняў ад нашых прынцыпаў. Прынцыпаў, якія ляжаць у аснове міжнароднага права, прынцыпаў, на якіх мы ўсе выраслі ды якія былі дакладна сфармуляваныя ўжо пасля Другой сусветнай вайны і якія былі пацверджаныя пасля вайны «халоднай».

Цалкам размову глядзіце ў відэа вышэй.

Стужка навінаў