«Дзецюкі» заспяваюць у Варшаве пра князя Вітаўта і Давыда Гарадзенскага

video

Беларускі гурт «Дзецюкі» прадставіць у польскай сталіцы вечарам 3-га красавіка свой новы альбом «Рэха», у якім шмат песняў прысвечана дзеячам беларускай гісторыі.

Канцэрт «Дзецюкоў» пачнецца ў нядзелю, 3-га красавіка, а 19:30 у варшаўскім клубе «Hydrozagadka» па адрасе вул. 11 лістапада, 22.

«Асноўная тэма нашых песень – гісторыя Беларусі, – адзначаюць «Дзецюкі». – Гэтая гісторыя, якую замоўчваюць цяперашнія ўлады: антырасейскія паўстанні, антыбальшавіцкія бунты, сталінскія рэпрэсіі і гэтак далей. Астатнія песні – гэта панкаўскі кайф, забава і пʼянства. Мы не граем ірландскага панку, але гэты стыль вельмі паўплываў на нас, прычым не толькі ў музыцы. Ірландцаў і беларусаў абʼядноўвае любоў да бульбы, алкаголю і нянавісць да імперыялізму, які ўвесь час хоча падпарадкаваць нашыя спакойныя і працавітыя народы».

«Дзецюкі» заўсёды акцэнтуюць сваю апалітычнасць, але падкрэсліваюць, што выступаюць супраць таталітарызму як левага, гэтак і правага кірунку. «Фашыстаў альбо камуністаў не запрашаем на свае канцэрты», – кажуць прадстаўнікі гурта.

«Дзецюкоў» падтрымае на канцэрце польскі гурт «No Logo» з мястэчка Сэйны, размешчанага на польска-літоўскім памежжы.

Раней «Белсат» зняў некалькі кліпаў на песні гурта «Дзецюкі».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары