Данецкае пекла. Чаму ўкраінцы так зацята бароняць аэрапорт?


Данецкі аэрапорт ужо амаль паўгода з’яўляецца адной з самых гарачых кропак на ўсходзе Украіны. Эксперт па вонкавай палітыцы і міжнароднай бяспецы ўкраінскага Цэнтру эканамічных і палітычных даследаванняў ім. Разумкова Аляксей Мельнік тлумачыць, чаму ўкраінскія жаўнеры нягледзячы на пастаянныя атакі ўтрымліваюць Данецкі аэрапорт.

У чым стратэгічная неабходнасць абароны Данецкага аэрапорту? Ці варта яго ўвогуле абараняць любым коштам?

Я б не хацеў, каб яго абаранялі да апошняга і любым коштам, але ён насамрэч мае стратэгічную моц. Адзін з ключавых момантаў, які мы павінны разумець, заключаецца ў тым, што як толькі ў так званых «ДНР» і «ЛНР» з’явіцца Данецкі аэрапорт, можаце быць упэўненымі, што вельмі хутка там з’явяцца і Ваенна-Паветраныя сілы.

Які сэнс выкарыстоўваць Данецкі аэрапорт дзеля перакідкі ва Украіну баевікоў і зброі, калі адкрытая ўкраінска-расейская мяжа?

На сайтах сепаратыстаў з’явілася вельмі цікавае паведамленне аб тым, што ў іх з’явіліся Ваенна-паветраныя сілы. Я думаю, гэта не выпадкова.

У Крыме пасля захопу аэрапорту «Бельбек» адбылася перадача ваеннай тэхнікі ўкраінскаму боку. Была перададзена толькі няспраўная авіяцыйная тэхніка. А калі гаворка дайшла да баяздольных самалётаў, расейскі бок па надуманай прычыне пакінуў іх сабе. Таму, калі ў прарасейскіх баевікоў з’явіцца Данецкі аэрапорт, у момант з «Ваенторгу» будуць дастаўлены баявыя самалёты, якія пойдуць туды з Крыму. Мы павінны разумець, што гэтая тэхніка можа і не выкарыстоўвацца, але яна там будзе знаходзіцца. А далей у ход пойдзе расейская авіяцыя, якая будзе выдавацца за авіяцыю баевікоў. Гэта значыць радыус, з якога будуць распаўсюджвацца авіяцыйныя ўдары, пашырыцца і будзе распаўсюджвацца амаль да Кіева.

[vc_single_image image=”346806″ img_size=”large”]

Калі параўнаць сітуацыю з Луганскім і Данецкім аэрапортам, якая паміж імі розніца ў ваенным плане? Апошні падчас штурму ўсё-такі пакінулі.

Перад тым, як Луганскі аэрапорт быў пакінуты, ён быў выведзены з працоўнага стану. Вядома, можна яго аднавіць. І гэты варыянт застаецца адкрытым. Яго могуць выкарыстоўваць як вайсковы аэрадром.

Наколькі важна для ўкраінскай улады пакінуць Данецкі аэрапорт пад кантролем украінскіх вайскоўцаў?

Ёсць інфармацыя, што пад Данецкім аэрапортам ёсць нейкія падземныя патаемныя аб’екты. Але я гэтага не магу ні пацвердзіць, ні абвергнуць. Калі мы прааналізуем апошнія Менскія дамоўленасці, то там была зафіксавана зона ўплыву прарасейскіх баевікоў ва Украіне.

Калі параўнаць дзве мапы: па стане на 5 верасня і сённяшнюю, то зона, якую кантралююць тэрарысты (а дакладней Расея) – павялічылася. Асабліва на поўдні Украіны. І фактычна ні аднаго дня перамір’я не было. Ёсць спроба пашырыць межы, падкантрольную тэрарыстам гэтак званых «ДНР» і «ЛНР» мінімум да адміністрацыйных межаў Данецкай і Луганскай вобласцяў. І яшчэ невядома, што яны спыняцца менавіта там. Калі мы не затрымаем баевікоў у Данецку, яны пойдуць на Марыўпаль, Харкаў, Херсон, Адэсу. Калі ёсць цвёрдая воля, значыць трэба мабілізаваць рэсурсы і гэтага бараніць, але зноў жа не любым коштам.

Штодня мы чытаем паведамленні пра тое, як падчас штурмаў Данецкага аэрапорту штодня гінуць сотні прарасейскіх баевікоў. Ці не выкарыстоўвае яго Пуціным у якасці «катла», у якім можна знішчаць радыкальных баевікоў, якія выйшлі з-пад кантролю?

Нельга выключаць і гэты варыянт. Таму што Пуцін разумее, якую пагрозу для Расіі нясуць баевікі, якія вернуцца з Данбасу. Па сутнасці ўсе яны – злачынцы. Яны падпадаюць пад некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса Расіі. Была ўжо інфармацыя аб рэзкім росце ўзроўню злачыннасці ў памежных з Украінай рэгіёнах – Растоўскай вобласці. Гэта значыць, што зброя, якую Расея пастаўляла ў Украіну, часткова вяртаецца назад на тэрыторыю Расіі. І тыя людзі, якія цяпер адчулі смак улады і бяскарнасці на Данбасе, наўрад ці заўтра вернуцца ў аўтамыйку, дзе яны працавалі раней.

Украінскія эксперты агучвалі меркаванне, што калі ўкраінскія вайскоўцы не захаваюць кантроль над Данецкім аэрапортам, то яны павінны яго знішчыць. Як, на ваш погляд, было б рацыянальна і правільна: любым коштам абараняць ці ўсё ж такі знішчыць, захаваўшы жыццё ўкраінскіх вайскоўцаў?

Я паўтаруся, што не хацеў бы, каб аэрапорт абаранялі да апошняга. Уся яго інфраструктура ўжо знішчана, застаецца толькі ўзлётна-пасадачная паласа. Вядома ж, гэты кавалак бетону не варты таго, каб дзеля яго гінулі людзі. Мне хацелася б спадзявацца, што ў гэтым ёсць нейкі сэнс, дакладны план.

Ганна Андрыеўская, для Belsat.eu

Стужка навінаў