«Данат невінаваты!». Распачалася кампанія салідарнасці з гімназістам, якога асудзілі за напад на настаўніцу


У сацыяльных сетках распачалася кампанія ў падтрымку Даната Скакуна – гімназіста, якога прызналі вінаватым у нападзе з нажом на настаўніцу і прысудзілі да 8 гадоў пазбаўлення волі. Людзі не вераць у ягоную вінаватасць і фатаграфуюцца з аркушам паперы, на якім напісана «Данат невінаваты».

У Фэйсбуку была створана старонка ў падтрымку Даната, дзе публікуецца інфармацыя па ягонай справе.

Адным з ініцыятараў кампаніі салідарнасці стаў экс-палітвязень Мікалай Аўтуховіч. Паводле яго, многія беларусы, не ўнікаючы ў сутнасць таго, што адбылося, асуджаюць хлопца.

«Але я хачу закрычаць на ўвесь свет, людзі, не верце! Данат Скакун не датычны да таго, што адбылося ў гэтай гімназіі раніцай 23 траўня 2016 года. Вывучыўшы даступныя мне матэрыялы, прааналізаваўшы сітуацыю і правёўшы невялікае расследаванне, магу з упэўненасцю сказаць, што Даната не было на месцы здарэння! І ведаю двух чалавек, якія дакладна ведаюць пра тое, што адбылося ў тую раніцу 23 траўня. Разумею, што са сваёй камандай кідаем выклік сістэме, але супраць фактаў не папрэш. На гэтай пляцоўцы мы будзем публікаваць усё тое, што хавала следства і тое, як павёў сябе суд! Усе дэталі будуць агучаны. Не дамо так проста пасадзіць у турму невінаватага хлапчука!», – адзначае Аўтуховіч у Фэйсбуку.

Мікалай Аўтуховіч

Актывісты звяртаюць увагу на тое, што адбіткаў пальцаў Даната на нажы не знайшлі, а само абвінавачанне было пабудована выключна на словах настаўніцы.

7 красавіка 15-гадовага гімназіста Даната Скакуна прызналі вінаватым адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу – ч.1 арт.14, ч. 2 арт.139 «Замах на забойства».

 

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары