«Далі папуляць». Расейскі актор падставіў усіх журналістаў на Данбасе


Міхаіл Парэчанкаў у зоне АТА разам з прарасейскімі баевікамі страляе з буйнакалібернага кулямёта. Пры гэтым на галаве мае каску з надпісам «Прэса». У Расейскім саюзе журналістаў такія дзеянні назвалі подласцю.

Актор ужо паспеў у сваё апраўданне заявіць, што, маўляў, і патроны ў кулямёце былі халастыя, ды ўвогуле гэта была інсцэнізацыя. «Цяпер кожны раз, калі я буду браць відэлец у рукі, я буду пераймацца, што мяне абвесцяць галоўным тэрарыстам, бо відэльцам таксама можна нанесці шкоду. Гэта глупства», – сказаў актор. Што да каскі з надпісам «Прэса» – паводле Парэчанкава, ён узяў тую, што была побач і не звярнуў на гэта ўвагі.

Падставіў усіх журналістаў

Саюз журналістаў Расеі запатрабаваў ад акторы прабачэнняў з інцыдэнт. «Мы спадзяемся, што актор прынясе публічныя прабачэнні журналістам, што рызыкуюць сваім жыццём у зоне ўзброенага канфлікту і для якіх слова «Прэса» на экіпіроўцы часцяком аказваецца адзінаю зыбкаю абаронаю ад кулі», – гаворыцца заяве.

Аператар і журналіст «Белсату» Алесь Баразенка, які працаваў на Майдане ды на Данбасе падкрэслівае, што асоба, якая зазначае сябе як журналіста ў гарачай кропцы, не можа быць непасрэдным удзельнікам сутыкненняў.

«На гэтым палягае бяспека журналіста ў зоне баявых дзеянняў, калі канешне на вайне можна казаць пра нейкую бяспеку. Гэтыя надпісы на шлемах і бронекамізэльках выратавалі не адно жыццё нашых калегаў, а Парэчанкаў начапіўшы на сабе гэтыя адзнакі журналіста абсалютна зневіляваў іх сэнс. Калі адзін чалавек з надпісам «прэса» бярэ ў рукі кулямёт і пачынае прыцэльны агонь, то і да іншых даверу няма. Гэта рызыка для людзей, якія надалей будуць выконваць там свае прафесійныя абавязкі», – дадаў журналіст.

Патроны былі баявыя

Служба бяспекі Украіны завяла крымінальную справу ў дачыненні расейскага актора паводле артыкулу аб удзеле ў тэрарыстычнай групе.

Партал Lenta.ru спасылаючыся на інтэрвю вайсковага эксперта, сцвярджае, што патроны былі баявыя. «Мяркуючы па каляровай маркіроўцы, у кулямёт зараджаныя патроны калібру 12,7х108 мм з бранябойна-запальнаю куляю Б-32». Такія кулі могуць прабіваць лёгкую браню і бронекамізэлькі.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў