Да нядзелі ў Барысаве можна паглядзець на «вялікія вушы»


Дзякуючы «БАТЭ», беларусы могуць жыўцом паглядзець на галоўны футбольны трафей Еўропы.

Чэмпіён Беларусі звярнуўся да Саюзу еўрапейскіх футбольных асацыяцый з просьбай прадставіць на некалькі дзён Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў. УЕФА пайшоў насустрач беларускаму клубу, які рэгулярна бярэ ўдзел у гульнях Лігі чэмпіёнаў, і задаволіў просьбу.

У Беларусь арыгінал кубку прыбыў наўпрост з сядзібы «Барсэлоны», сёлетняга чэмпіёна. Дакладней, адзін з шасці арыгіналаў. У сезоне 1968/1969 УЕФА ўсталяваў правіла, згодна з якім клуб, які выйграў трафей пяць разоў або тры разы запар, можа пакінуць яго сабе назаўсёды. Гістарычны кубак знаходзіцца ў мадрыдскага «Рэалу», які атрымаў яго ў 1966 годзе. Наступныя «арыгіналы» затрымалі ў сябе «Аякс» (1973), «Баварыя» (1976), «Мілан» (1994) і «Ліверпуль» (2005).

Шостая версія кубку была створаная ў 2006 годзе ў майстэрні швейцарскага ювеліра Юрга Стадэльмана. Праз арыгінальны дызайн ручак срэбранай амфары кубак у многіх краінах свету называюць «вялікім вушамі». Прадстаўляючы свой твор 9 гадоў таму, Стадэльман сказаў:

«Магчыма, гэта не шэдэўр, але ўсе ў футболе хочуць дакрануцца да гэтага кубку».

Сёння дакрануцца да яго можна будзе на барысаўскім стадыёне ад 16:00 да 17:30, перад матчам жоўта-блакітных з мікашэвіцкім «Гранітам».

Усю суботу і нядзелю, ад 10-ай да 18-ай, сфатаграфацца з кубкам можна будзе ля ўваходу ў віп-зону «Барысаў-Арэны».

ДД, «Белсат»

Стужка навінаў