Беларусь святкуе Дзень Незалежнасці: «Мы, беларусы – мірныя людзі»


Галоўныя святочныя падзеі разгорнуцца сёння ў Менску на пляцоўцы каля Палаца спорту на праспекце Пераможцаў, дзе а 13.00 пачнецца канцэрт.

На тэрыторыі амфітэатру каля Палаца спорту пройдзе традыцыйны турнір па сілавому экстрыму, непадалёк будзе працаваць кірмаш «Горад майстроў», дзе можна будзе паўдзельнічаць у майстар-класах.

У Верхнім горадзе ўвесь дзень будуць граць вулічныя музыканты, выступаць тэатральныя трупы ды аніматары.

Завершацца святкаванні каля стэлы «Менск – горад-герой».

А 22.00 там пачнецца гала-канцэрт у межах рэспубліканскай акцыі «Мы, беларусы – мірныя людзі», якая стартавала яшчэ ў лютым.

Чытайце таксама >>> Не ў тым месцы і не ў той час. Тры з паловаю гісторыі пра выбух 3 ліпеня

Святочны салют будзе дадзены ў 23.00, пасля традыцыйнай акцыі «Праспяваем гімн разам». Пасля салюту пачнецца другая частка гала-канцэрта, якая працягнецца да 00.30.

Грамадскі транспарт ў Дзень Незалежнасці ў Менску будзе працаваць 1:30 (метро). 21 аўтобусны, 10 тралейбусны і адзін трамвайны маршрут будуць працаваць да 2:00.

Масавыя гулянні сёння адбудуцца ў кожным беларускім горадзе.

Рашэнне святкаваць Дзень Незалежнасці 3 ліпеня было прынятае падчас рэспубліканскага рэферэндуму 1996 г. Дагэтуль галоўнае дзяржаўнае свята адзначалася 27 ліпеня – яно было прымеркаванае да даты падпісання Вярхоўным Саветам БССР у 1990 годзе Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі.

Беларуская апазіцыя і яе прыхільнікі лічаць, што адлік незалежнасці дзяржавы варта весці з моманту абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года.

ЮВ, belsat.eu, паводле belapan.com

Стужка навінаў