Апошняе слова Эдуарда Пальчыса ў судзе: Я хачу расказаць сутнасць твору Дантэ «Боская камедыя»


Адвакат Эдуарда Пальчыса Ганна Бахціна перадала апошняе слова стваральніка старонкі 1863x.com. Суд над палітвязнем быў закрыты.

Апошняе слова ў сваім «Facebookʼу» апублікаваў апазіцыйны палітык Павел Севярынец.

«У сваім апошнім слове я хачу расказаць сутнасць твору Дантэ “Боская камедыя”. Сутнасць зводзіцца да таго, што людзі, якія праходзяць усе колы пекла, падыходзяць да апошняй мяжы, і гэтай мяжой ёсць страшная пачвара. Пачвара перамолвае сваймі жорнамі здраднікаў і хлусаў. Усіх, хто абвінавачвае мяне ў тым, што я люблю Беларусь – я лічу здраднікамі. Усіх, хто лічыць, што я распаўсюджваў парнаграфію – я лічу хлусамі. Я шкадую, што зараз побач са мной няма маёй жонкі, маёй сямʼі, журналістаў, якім я вельмі ўдзячны. Я ўдзячны тым людзям, якія зараз стаяць на вуліцы, вы чуеце іх голас, і я з імі. Усё, што я магу сказаць – ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!».

28 кастрычніка а 10:00 суд абвесціць вырак па справе Джона Сільвера.

24 кастрычніка ў Менскім гарадскім судзе аднавіўся разгляд справы палітвязня Эдуарда Пальчыса.

25-гадовага блогера абвінавачваюць у распальванні варожасці паводле прыкметаў расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу).

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў