Андрусь Горват запрашае ў Купалаўскі тэатр, дзе будзе прадаваць сваю кнігу


Сустрэча з пісьменнікам, публіцыстам і калумністам «Белсату» адбудзецца 25 студзеня.

Ад 12:00 да 19:00 Андрусь Горват у касе Купалаўскага тэатра будзе прадаваць сваю кнігу «Радзіва Прудок». Твор атрымаў вельмі шмат станоўчых водгукаў ад чытачоў.

«Былі спрэчкі, пра што кніга – пра казу ці пра сральню, пра вёску ці пра Космас. Я думаю, што «Радзіва» – гэта люстэрка. Убачыце тое, чым будзеце ў яго глядзецца», – напісаў аўтар у сябе ў Facebook.

Кожны пакупнік атрымае бонус: зніжку на квіткі ў тэатр да 20% (у залежнасці ад спектакля).

Кошт кнігі – 12 рублёў.

У дадатковым накладзе надрукаваныя 1000 асобнікаў. Усе кнігі, якія застануцца, можна будзе купіць у касе Купалаўскага тэатра штодня ад 10:00 да 19:00.

Першапачаткова Андрусь Горват збіраў грошы на выданне кнігі праз інтэрнэт. Ён планаваў надрукаваць 300 асобнікаў, але ахвочых прачытаць «Радзіва Прудок» аказалася нашмат больш.

Хто такі Горват?

Андрусь Горват скончыў журфак БДУ, працаваў у Менску журналістам, а таксама дворнікам у Купалаўскім тэатры. Пазалетась ён зʼехаў у Прудок, у невялікую палескую вёску на мяжы з Украінай, дзе аднаўляе дзедаву хату, у якой нарадзіўся ягоны бацька. За тым, як Горват даглядае за гаспадаркай, назірае ўся вёска, а Горват – назірае за яе жыхарамі з цікаўнасцю даследчыка. Плёнам становяцца смешныя і сумныя інтымныя тэксты, якія Андрусь публікуе ў сваёй аўтарскай калонцы на нашай старонцы і ў іншых медыях.

ДР belsat.eu 

Стужка навінаў