Аляксандр Лукашэнка: Пакуль я кірую, рэформаў не чакайце!

video

https://www.youtube.com/watch?time_continue=139&v=7bsGqh2MmYE

Як змагацца з існым крызісам? Для прынцыповага развязання гэтага пытання Аляксандр Лукашэнка сабраў сёння эканамічную нараду.

Што праўда, пастанову, як выявілася, прынялі ўжо. На прапановы ўраду пра рэформы кіраўнік краіны агучыў сёння наступны адказ.

«Прапановы ўраду я абдумваў не адзін дзень, не адзін тыдзень. Я не знаходжу магчымасці і неабходнасці мяняць курс, калі ў некага ёсць такія прапановы, у гэтай сітуацыі курс», – кажа Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі.

У чым палягае існы эканамічны курс, якога Аляксандр Лукашэнка не збіраецца мяняць, ён патлумачыў наступным чынам.

«Урад павінен сёння, наўпрост трэба пра гэта казаць, у складанай сітуацыі, у ручным рэжыме кіраваць эканомікаю там, дзе гэта трэба, на месцы. Дапамагаць прадпрыемствам, губернатарам, старшыням райвыканкамаў. Патрабуючы ад іх бездакорнага выканання пастановаў», – зазначае Аляксандр Лукашэнка.

На сёння вынік паслухмянага выканання прадпрыемствамі паказнікаў, даведзеных ім з адміністрацыі, прывяло да падзення валавога ўнутранага прадукту, крызісу неплацяжоў, росту складскіх запасаў і беспрацоўя.

«Рэформы для яго смерці падобныя. Ён ня ўмее ні жыць, ні дзейнічаць у рамках канкурэнтна-рынкавай эканомікі», – мяркуе эканаміст Леанід Заіка.

Кіраўнік краіны сваю адмову ад рэформаў патлумачыў тым, што народ, маўляў, гэтага не ўспрыме. А што думаюць на гэты конт уласна беларусы, мы спыталі жыхароў Менску.

«Некаторыя рэформы варта праводзіць, але не карэнным чынам мяняць усю эканоміку», – выказваецца малады хлопец.

«Рэформы ўжо проста наспелі. Ужо ўсе стогнуць: давайце рэформы», – прызнаецца мінак

«Я думаю, што трэба мяняць, бо без зменаў будзе яшчэ горш», – падсумоўвае жанчына.

Адзіны эканамічны курс, што мяняецца ў краіне – у бок няспыннага павышэння, – гэта курс зайчыка. Пасля кароткага адскоку ўніз долар сёння здаражэў больш як на Br 500, дасягнуўшы адзнакі Br 21 251. Да расейскага рубля за апошнія 12 месяцаў беларускі абясцэніўся на 13 %.

Адкрытая адмова ад рынкавых рэформаў, агучаная Аляксандрам Лукашэнкам, можа сведчыць і пра тое, што перамовы з міжнароднымі крэдыторамі зайшлі ў тупік. У такім выпадку на выплату замежных пазыкаў сёлета ўладам давядзецца аддаць практычна ўсе золатавалютныя рэзервы краіны ці прыдумаць новыя падаткі, або, напрыклад, яшчэ больш павысіць тарыфы на ЖКГ.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары