Аль-МЗКЦ: Як Лукашэнка узбройвае арабскіх эміраў

video

Незалежныя эксперты ўпэўненыя, што прадметам размоваў Аляксандра Лукашэнкі з Катарам і ААЭ падчас арабскага туру быў гандаль не малаком і дрэвам, а вайсковай тэхнікай.

Кіраўнік Беларусі любіць ездзіць у турнэ і пяшчотна абдымаць багатых прэзідэнтаў, эміраў ды іншых елбасы. Для Ягонай Шматвектарнасці ўсе навокал – сябры, аднадумцы і гандлёвыя партнёры. Абы грошай далі, можна ў крэдыт.

«Дзверы Беларусі для Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і для эмірату Дубай заўжды адчыненыя», – заявіў Лукашэнка у ААЭ.

Дзяржаўныя тэлеканалы як заўжды казалі пра вялікія перспектывы ды цікавасць краінаў рэгіёну да беларускіх харчоў ды дрэваапрацоўкі.

Але гэта хутчэй шырма. У Персідскім заліве ўзмацняюцца супярэчнасці паміж суніцкімі арабскімі краінамі ды шыіцкім Іранам. І Катар, і Аб’яднаныя арабскія эміраты праводзяць у рэгіёне актыўную ваенную палітыку, прыклад якой – інтэрвенцыя ў Емен.

Зацікавіць арабаў Беларусь можа ў першую чаргу сваім ВПК
Зацікавіць арабаў Беларусь можа ў першую чаргу сваім ВПК

Адначасова з квазі-войнамі краіны рэгіёну праводзяць пераўзбраенне і адыход ад сыравіннай мадэлі эканомікі. Таму Дубай ды іншыя эміраты толькі выглядаюць як цэнтр раскошы, набытай за нафту. Насамрэч тут ужо круцяцца інтарэсы рангам вышэй.

Эксперт праграмы «Міжнародная і ўнутраная палітыка» Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч лічыць, што рэгіён — кірмаш узбраенняў і месца абмену тэхналогіямі.

«Чым Беларусь іх зацікавіла? Думаю, тым жа, чым цікавіла і раней. У першую чаргу абарончай прамысловасцю і нейкай прадукцыяй беларускага ВПК», – кажа Тышкевіч.

Ускосным доказам можа быць тое, што ў папярэднія разы Лукашэнка браў у эміраты малодшага сына Колю, а цяпер прывёз старэйшага. Віктар Лукашэнка – афіцыйна памочнік свайго бацькі ў нацыянальнай бяспецы, уваходзіць у Раду Бяспекі. Неафіцыйна – курыруе гандаль зброяй.

Беларусь ужо ўдзельнічала ў збройных выставах у Эміратах. Каб увайсці на гэты рынак, Лукашэнка гатовы прадаваць тавар нават паштучна – ад беспілотнікаў да прадукцыі Менскага заводу калёсных цягачоў.

«МЗКТ – даўно вядомы пастаўшчык узбраення для Аб’яднаных арабскіх эміратаў. Прычым не ўсе пастаўкі ішлі, калі можна так сказаць, праз дзяржаўны бюджэт Рэспублікі Беларусь», – упэўнены Ігар Тышкевіч.

Была гісторыя пра «гарэмавозы» – шыкоўныя высокапраходныя палацы на колах, абсталяваныя паводле законаў шарыяту. Але гэта для забавы. Для вайны эміры купляюць на МЗКТ шассі для ракетных комплексаў ды так званыя «бегемоты» – цягачы для танкаў.

«Зараз як раз з Аб’яднанымі арабскімі эміратамі распрацоўваецца кантракт на пастаўкі такога новага цягача для ўзброеных сілаў гэтай краіны», – заяўляе Арсеній Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў.

Беларусь прадае эмірам і гатовыя сістэмы ўзбраенняў. Напрыклад, вось гэты беларуска-украінскі супрацьтанкавы ракетны комплекс «Каракал». Агулам, эміраты гандлююць не толькі прадукцыяй, а адразу тэхналогіямі. Таму могуць купіць, напрыклад, план стварэння менскага Парку высокіх тэхналогіяў.

«Хутчэй за ўсё, гэтыя краіны зацікаўленыя ў тым, каб пераняць гэтую бізнес-мадэль, а не закупаць наўпрост ІТ-тэхналогіі ў Беларусі. Хаця і гэтага выключаць нельга», – кажа Арсеній Сівіцкі.

Для Катару і Эміратаў Беларусь цікавая як бедная краіна з таннымі, але перспектыўнымі распрацоўкамі ў ІТ, оптыцы, газавай і нафтавай хіміі. А самі яны маюць не толькі вуглевадароды, але і флот танкераў, здольны даплыць да Еўропы. І катарскі звадкаваны газ можа вельмі прыдацца Беларусі, кажа Арсеній Сівіцкі.

На думку Сівіцкага, Беларусь павінная гарантаваць сабе мінімальны абʼём энерганосьбітаў у выпадку нейкай крызіснай сітуацыі з Расеяй.

«Наш партнёр паводзіць сябе вельмі нечакана», – кажа Сівіцкі.

Толькі за апошні год у пошуках партнёраў Лукашэнка наведаў Турцыю, Італію і Ватыкан, шэсць азіяцкіх краінаў і Арменію. Таксама адбыўся заўважны прарыў у адносінах з Еўразвязам і ЗША.

Паводле неафіцыйных крыніцаў, напрыканцы лістападу Лукашэнка ляціць у Азербайджан, магчыма, дамаўляцца аб пастаўках нафты праз Украіну.

Бо адбылося тое, пра што папярэджвала дэмакратычная апазіцыя, абдымкі расейскага брата пачалі душыць, прымушаючы ўцякаць ў дзяржавы «Дальняй дугі».

Яраслаў Сцешык

Рэпартаж выйшаў у эфіры «Белсату» 4 лістапада ў выданні «ПраСвету з Алінай Коўшык»

Глядзі таксама
Каментары