АГП паведаміць у ААН пра ўтрыманне берасцейскай актывісткі ў псіхіятрычным стацыянары


«За прымяненне карнай псіхіятрыі да актывісткі АГП Наталлі Папковой – крымінальная адказнасць», – гаворыцца ў заяве Палітрады Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

Нагадаем, што 3 сакавіка стала вядома, што берасцейскую актывістку Наталлю Папкову затрымалі міліцыянты і завезлі яе ў мясцовы псіханеўралагічны дыспансер.

«Наталля Папкова павінна быць неадкладна вызвалена з псіхіятрычнага стацыянару», – патрабуе АГП.

26 лютага Наталля Папкова ўдзельнічала ў акцыі супраць дэкрэту № 3. 2 сакавіка ёй патэлефанавалі з дыспансера і прапанавалі абследавацца, бо на яе прыйшла папера з міліцыі. Наталля вырашыла не ісці, бо баялася правакацыяў.

На наступны дзень, калі Папкова выйшла з хаты са сваёй сястрой, да іх падышлі двое міліцыянтаў і прапанавалі ёй прайсці з імі.

«Інфармацыя аб выкарыстанні ў Рэспубліцы Беларусь карнай псіхіятрыі будзе перададзеная Спецдакладчыку ААН па Беларусі і тэматычнаму Спецдакладчыку ААН», – паведамляецца на афіцыйным сайце партыі.

Фота: nn.by

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары