Абвясцілі шорт-ліст прэміі Гедройца


Журы літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца абвесціла шорт-ліст, у які ўвайшлі шэсць кнігаў.

Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт прэміі.

У шорт-ліст увайшлі:

  • Адамовіч Андрэй. «Таўсціла і лешч».Акудовіч Валянцін. «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне».

    Бахарэвіч Альгерд. «Белая муха, забойца мужчын».

    Пашкевіч Алесь. «Рух».

    Скарынкіна Таня. «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі».

    Шчур Макс. «Завяршыць гештальт».

Абвяшчэнне і ўшанаванне пераможцаў сёлета мелася адбыцца ў чэрвені, але толькі ў пачатку лета быў абвешчаны доўгі спіс.

Прыз за першае месца – грашовая ўзнагарода, памер якой кожны год вызначае «Ідэя Банк». За другое месца – пераклад твора на польскую мову альбо творчая стыпендыя ў Доме творчасці пісьменнікаў у Швецыі. За трэцяе месца прадугледжана творчая стыпендыя ў Вэнтспілсе (Латвія).

Папярэднімі ўладальнікамі галоўнай прэміі былі Павел Касцюкевіч, Уладзімір Някляеў, Віктар Казько.

Прэмія Гедройца прысуджаецца штогод за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове, у жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка». Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Беларускі ПЭН-цэнтр, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, Польскі Інстытут у Менску. Фундатары ўзнагарод – «Ідэя Банк» і Калегіум Усходняй Еўропы ва Вроцлаве.

МЯ, паводле gedroyc.by

Стужка навінаў