Апазіцыянерка з М’янмы прыехала за Нобелем толькі праз 21 год


Аўн Сан Суў Чы (Aung San Suu Kyi) атрымала Нобелеўскую прэмію міру ў 1991-м, а апошнія пятнаццаць гадоў правяла пад хатнім арыштам.

У нобелеўскай прамове лаўрэатка сказала, што да поўнай палітычнай свабоды М’янме яшчэ далёка: на поўначы працягваюцца ваенныя дзеянні, а на захадзе – падпалы і забойствы. Паводле яе, пры сённяшніх ўладах, якія хочуць стварыць бачнасць дэмакратыі, у турмах застаюцца палітвязні. Яна папярэдзіла, што нават калі вядомыя апаненты рэжыму выходзяць на свабоду, за кратамі застаюцца менш вядомыя змагары, на якіх ні ў якім выпадку нельга забыцца.

Аўн Сан Суў Чы – дачка Аўн Сана (Aung San), першага дэмакратычнага кіраўніка М’янмы (краіна атрымала незалежнасць у 1940-я г. і стала называцца Бірмаю). Пасля вайсковага перавароту ў 1962 г. і да канца 1988 г. краінаю кіравалі сацыялісты, пасля ўлада перайшла да Дзяржаўнай рады міру і развіцця. Тады Аўн Сан Суў Чы, выпускніца Оксфардскага ўніверсітэту, вярнулася на радзіму (каб даглядаць хворую маму) і стала лідаркаю народнага руху. Аднак рэжым не прызнаў вынікаў свабодных выбараў, а Суў Чы трапіла пад хатні арышт.

Нобелеўскую прэмію ў 1991-м ад ейнага імя атрымалі сыны Кім (Kim) і Александэр (Alexander), якія прыйшлі на цырымонію разам з ейным мужам Майклам Эйрысам (Michael Aris). Праз год Аўн Сан Суў Чы абвесціла, што хоча выдаткаваць прэмію ($ 1,3 млн) на развіццё сістэмы аховы здароўя і адукацыі для бірманцаў. На сёлетніх парламенцкіх выбарах рэжым, які праводзіць палітыку кантраляванага адкрыцця краіны, прапусціў у некаторых акругах апазіцыю. Гэтак Аўн Сан Суў Чы стала дэпутаткаю.

Хто яшчэ не мог даехаць да Нобеля?

Дырэктар Нобелеўскага інстытуту Гэйр Люндэстад (Geir Lundestad) нагадаў, што за 111 гадоў існавання прэміі атрымаць яе своечасова не змаглі яшчэ некалькі чалавек. Радыкальны нямецкі пацыфіст і антыфашыст польскага паходжання Карл фон Асецкі (Carl von Ossietzky) у 1936-м сядзеў у канцлагеры. У 1975-м з СССР не змог прыехаць Андрэй Сахараў, а з Польшчы ў 1983-м – Лех Валэнса (Lech Wałęsa).

Сёлета на Нобелеўскую прэмію міра вылучылі праваабаронцу Алеся Бяляцкага, які таксама застаецца за кратамі.

belsat.eu

Стужка навінаў