85 тысячаў працаўладкаваных! Кажа кіраўніца міністэрства працы, але не ўдакладняе, куды і за які заробак


Фота : belta.by

У каментары дзяржаўнаму тэлебачанню на святкаванні 1 траўня Ірына Касцевіч сказала, што за красавік атрымалася ўладкаваць на працу больш за 85 тысячаў чалавек па ўсёй краіне. Але не паведаміла, на якую працу і за якія грошы.

Белстат інфармуе, што ў сакавіку 2017 году працаўладкаваліся ў краіне 45 тысячаў чалавек, пры гэтым звольнена было больш за 50 тысячаў. Падчас дзяржаўнага святкавання 1 траўня міністр працы Ірына Касцевіч паведаміла дзяржаўнаму тэлебачанню, што за красавік працу знайшлі амаль удвая большая колькасць беларусаў, дзякуючы актыўнай працы дзяржаўных сацыяльных органаў.

«У красавіку разгарнулася маштабная праца ва ўсіх рэгіёнах. Мы дайшлі да кожнага чалавека. Хто хацеў, хто мог – той знайшоў працоўнае месца. За красавік працаўладкавалі больш за 85 тысячаў чалавек. Праца будзе працягвацца. Ёсць праблема па балансе попыту і прапановы, суадносінаў колькасці вакансіяў і колькасці беспрацоўных. Будзем над гэтым працаваць», – паведаміла кіраўніца міністэрства працы і сацыяльнай аховы насельніцтва.

Не ўдакладніла кіраўніца міністэрства таксама пра важную праблему заробку працаўладкаваных. На грамадскіх і сельскагаспадарчых працах, куды актыўна прапаноўвалі працаўладкоўвацца дзяржустановы ў красавіку, максімальны заробак – да 265 BYN на месяц.

Па тэме:

Колькасць звольненых Ірына Касцевіч таксама не паведаміла, але ў тэксце да рэпартажу тэлеканалу «АНТ» напісана, што «колькасць занятых у эканоміцы ў красавіку вырасла на 5,5 тысячаў». То бок, каб атрымаць такі баланс пры працаўладкаванні больш за 85 тысячаў, то каля 80 тысячаў чалавек трэба звольніць.

ВЧ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары