Леанід Заіка: Беларусь зможа разлічыцца з пазыкамі толькі ў 2032 годзе


Эканаміст Леанід Заіка называе 2032 год найбліжэйшым часам, калі Беларусь здолее разлічыцца з пазыкамі і адсоткамі па крэдытах. Дый тое толькі пры ўмове распродажу дзяржаўнай уласнасці, адзначае эксперт.

Міністэрства фінансаў Беларусі назвала памер вонкавай дзяржаўнай запазычанасці краіны. Паводле стану на 1 красавіка яна складае $ 11,9 млрд. З пачатку года запазычанасць вырасла на $ 75,3 млн, паведамляе «БелаПАН».

Паводле міністэрства, сукупнасць вонкавай і ўнутранай дзяржаўнай запазычанасці краіны вымяраецца сумаю Br 112,7 трлн.

Крытычнаю называе гэтую суму эканаміст Леанід Заіка. «Гэта каля $ 34 млрд. Нават калі выплачваць пазыкі пад адсотак у 5 % за год, то атрымаецца $ 1,7 млрд адных адсоткаў, без выплаты саміх крэдытаў. Апошнія гады дэфіцыт гандлёвага балансу складаў мінус $ 10 млрд. То бок мы не ўмеем жыць па сродках і штогод мы спажывалі на $ 10 млрд болей, чымся зараблялі. І на сёння запазычалі больш як 50 % ВУП – гэта крытычная сума», – падкрэсліў эксперт.

Найбліжэйшым часам, калі ўрад зможа разлічыцца па крэдытах, эканаміст называе 2032 год: «Усеагульны «Sale» – вось метад, які выбрала кіраўніцтва краіны для разліку па крэдытах. Гэта і калійны камбінат, і трактарны, аўтамабільны заводы, лясы, азёры… Калі штогод прадаваць маёмасці на $ 5–6 млрд, то хопіць 20 гадоў, каб расплаціцца».

Галоўнае, каб распродаж вёўся з розумам, заключае Леанід Заіка, з асцярожнасцю ставячыся да перспектывы масавай прыватызацыі, якую можа распачаць Аляксандр Лукашэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў