Дыпламаты краінаў Еўразвязу паказаліся ля метро


Яны ўсклалі кветкі ды не сталі размаўляць з журналістамі.

Выканальнікі абавязкаў кіраўнікоў амбасадаў краінаў ЕЗ і прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі 12 красавіка ўсклалі кветкі да памятнага знака каля станцыі метро “Кастрычніцкая” ў Менску і ўшанавалі памяць загінулых хвілінаю маўчання.

Цырымонія доўжылася каля пяці хвілінаў, пасля чаго дыпламаты разышліся і не сталі размаўляць з журналістамі.

У Менску не засталося ніводнага амбасадара краінаў Еўразвязу. Усе кіраўнікі амбасадаў пакінулі Беларусь у канцы лютага – на пачатку сакавіка пасля дыпламатычнага канфлікту паміж Менскам і Бруселем. Канфлікт разгарэўся пасля лютаўскага рашэння Рады міністраў ЕЗ пашырыць візавыя і эканамічныя санкцыі супраць прыватных асобаў і некаторых прадпрыемстваў Беларусі. Улады Беларусі ў адказ рэкамендавалі кіраўніку прадстаўніцтва ЕЗ і амбасадару Польшчы выехаць у свае краіны для кансультацыяў. На знак салідарнасці Беларусь пакінулі ўсе еўрапейскія амбасадары.

belsat.eu

Стужка навінаў