Паўднёвая Асеція: Былы працаўнік КДБ стаў прэзідэнтам


У самаабвешчанай Паўднёвай Асеціі адбыўся другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Паводле Цэнтрвыбаркаму, перамогу атрымаў былы афіцэр КДБ, прарасейскі кандыдат Леанід Тыбілаў.

Пасля апрацавання ўсіх бюлетэняў Тыбілаў набраў 54 % галасоў, ягоны супернік – упаўнаважаны ў правах чалавека ў Паўднёвай Асеціі Давід Санакоеў атрымаў 42 %. Гэта былі паўторныя прэзідэнцкія выбары ў рэгіёне. На папярэдніх перамогу атрымала апазіцыянерка Ала Джыоева, аднак вынікі галасавання былі скасаваныя на рашэнне Вярхоўнага Суда. На паўторных выбарах яна не высоўвала сваёй кандыдатуры.

Паводле апытанняў, значная частка жыхароў Паўднёвай Асеціі пазітыўна ставіцца да ідэі шчыльнага хаўрусу з Расей, а ад сваіх уладаў чакаюць стабілізацыі сітуацыі ды аднаўлення сістэмы сацыяльнай абароны.

Паўднёвая Асеція – рэгіён Грузіі з насельніцтвам каля 70 000 чалавек, што абвесціў сваю незалежнасць пасля вайны паміж Грузіяй і Расеяй у 2008 г. Гэтая краіна ў вялікай ступені залежыць ад грашовай дапамогі з Масквы, значную частку бюджэту ўлады накіроўваюць на сілавыя структуры. Незалежнасць Паўднёвай Асеціі прызнаюць Расея, Нікарагуа, Венесуэла, Науру і Тувалу.

belsat.eu
https://youtu.be/X48W3Jp2ykw

Глядзі таксама
Каментары