Павялічэнне базавай велічыні: каму добра, а каму як заўсёды?


З заўтрашняга дня 1 красавіка, базавая велічыня складзе роўна 100 000 рублёў, што амаль утрая болей за цяперашняе. Беларускія эканамісты разважаюць пра наступствы павышэння адзінкі.

Паводле адмыслоўцаў, рост базавай велічыні адчуе практычна кожны. З 1 красавіка павялічваюцца ўсе грашовыя спагнанні: напрыклад, штраф за безбілетны праезд у грамадскім транспарце будзе каштаваць 20 000 супраць сённяшніх 7000 рублёў. За спажыванне алкаголю ў недазволеным месцы прыйдзецца заплаціць да 1,5 млн. Паленне ў забароненых месцах будзе «каштаваць» 400 тысяч рублёў.

Вырастуць цэны на шэраг дзяржаўных паслугаў. Гэтак, новы пашпарт або правы кіроўцы каштуюць палову базавай, што складзе не 17 500, а 50 000 рублёў. А за рэгістрацыю аўта ў ДАІ прыйдзецца заплаціць 255 000 рублёў.

Разам з тым мае павялічыцца дапамога для беспрацоўных, дадаткі да заробкаў і прэміяў.

Для студэнтаў рост базавай азначае не толькі рост стыпендыяў, але і патройнае павышэнне платы за інтэрнат: з 1 красавіка гэта будзе 100–300 тысяч рублёў.

«Можна сказаць, што беларусы летась не напоўніцу адчулі наступствы таго фінансавага калапсу, які абрынуўся на краіну… Павышэнне базавай стаўкі – гэта працяг таго самага крызісу. Па сутнасці дзяржава будзе павышаць зараз усе адміністратыўныя зборы, то бок папаўненне бюджэту праз гэта палепшыцца, што простыя грамадзяне адчуюць беспасярэдне на сваім гаманцы», – зазначае эканаміст Аляксандр Сінкевіч.

Адмысловец падкрэслівае, што для беларускай фінансавай сістэмы гэты крок неабходны. Праз імклівую інфляцыю ўсе адміністратыўныя аплаты зрабіліся вельмі нізкія ў параўнанні з суседнімі краінамі. Аднак павышаючы базавую велічыню адразу ўтрая, трэба памятаць, што прыбыткі насельцітва таксама значна знізіліся. Эксперты лічаць, што больш лагічна было б паступова павялічваць базавую, як гэта робіцца з коштамі на паліва.

Павышэння базавай чакалі і прадпрымальнікі. Малы і сярэдні бізнес выказваў хваляванні з прычыны росту арэндавай платы, якая таксама прывязвалася да гэтай адзінкі. На шчасце для іх, уводзіцца базавая арэндавая велічыня, якая складзе 54 000 рублёў. Паводле эканамістаў, гэта палавіністы крок.

«Трэба разумець, што насамрэч арэнду не адвязалі ад базавай велічыні. Проста ў краіне з´явілася другая базавая велічыня для разліку арэндавай платы. Усё ж такі арэнда вырасла ў паўтара раза. Гэта, вядома, не ў тры разы, але ўсё адно адчувальна, бо цяпер шмат у якіх прадпрымальнікаў прыбыткі не павялічваюцца, а скарачаюцца. Сам факт з’яўлення базавай арэндавай велічыні нічога не мяняе – застаецца магчымасць раптоўна павялічыць гэтую велічыню, што пазбаўляе бізнес прадказальнасці», – кажа эканаміст Сяргей Балыкін.

Эксперт упэўнены, што ўзалежненне аплатаў да штучных адзінак і замежных валютаў не мае сэнсу, трэба ўсталяваць іх у беларускіх рублях. Усё ж пераважная большасць насельніцтва атрымлівае заробак не ў доларах і базавых, а менавіта ў рублях.

«Вяртання да таго ўзроўню жыцця, які мы назіралі ў 2009–2010 годах, чакаць не даводзіцца. Сёлета будзе толькі горш і цяжэй для насельніцтва», – заяўляе А. Сінкевіч.

belsat.eu

Стужка навінаў