Гадавіна «Фукусімы»: Японія рыхтуецца да новага землятрусу


Ён будзе больш небяспечны, чымся прадказвалі сейсмолагі ў студзені.

Ачаг магчымага буйнога землятрусу побач з Токіа будзе на 10 км бліжэйшы да паверхні, чымся меркавалася раней. А гэта істотна павялічыць разбуральную сілу падземнага штуршка. З такім папярэджаннем выступіла адмысловая група Міністэрства асветы, навукі і тэхналогій краіны. Мяркуецца, што землятрус будзе мець магнітуду 7.

Токіа пабудаваны на перакрыжаванні некалькіх тэктанічных плітаў. Паводле навукоўцаў, пры найгоршым сцэнары стыхійнага бедства ў паўночнай частцы Такійскага заліву загінуць 6400 чалавек, а 160 тыс. атрымаюць раненні. Землятрус можа разбурыць каля 470 тыс. будынкаў.

11 сакавіка 2011 г. Японія перажыла землятрус магнітудаю 9, самы жахлівы ў гісторыі краіны і пяты паводле разбуральнай сілы ў свеце. Эпіцэнтр месціўся за 373 км ад Токіа. Землятрус выклікаў магутнае цунамі, якое цягам паўгадзіны сцерла гарады з паверхні паўночна-ўсходняга берагу. Максімальная вышыня хваляў тады склала 40 м. Цунамі, у сваю чаргу, сталася прычынаю аварыі на АЭС у Фукусіме. У выніку 80 тыс. жыхароў эвакуявалі, а зону ў радыусе 20 км абвесцілі неўязною.

Паводле апошніх звестак, леташні землятрус забіў 15 854 чалавек. Большасць ахвяраў – людзі сталага ўзросту. 3276 дагэтуль застаюцца ў вышуку. Сусветны банк ацаніў эканамічную шкоду ад землятрусу на $ 235 млрд, што зрабіла яго самым дарагім стыхійным бедствам у гісторыі.

Вядомы англійскі рэжысёр Рыдлі Скот (Ridley Scott), аўтар фільмаў «Салдат Джэйн», «Гладыятар» і «Ганібал», гадавіну землятрусу вырашыў адзначыць у Японіі. Разам са сваім братам (таксама рэжысёрам) Тоўні Скотам (Tony Scott) ён хоча скласці дакументальны фільм з кадраў найбольш пацярпелых прэфектураў. Для гэтага іх жыхары атрымаюць відэакамеры, на якія маюць здымаць, што адбываецца вакол іх у гадавіну землятрусу.

belsat.eu

Стужка навінаў