Алесь Сержановіч у «Гарачым каментары»


Увозіць на тэрыторыю Украіны мяса і малочныя прадукты беларускай вытворчасці – забаронена! Прычына – небяспека занясення ўзбуджальніка афрыканскай чумы, на якую, імаверна, хварэлі знішчаныя ў Гарадзенскай вобласці свінні.

Прычынаю масавага знішчэння свінняў з прыватных гаспадарак в. Нязнанава на Гарадзеншчыне Міністэрства сельскай гаспадаркі назвала вучэнні для барацьбы з афрыканскаю чумою. Наўрад ці жывёлу знішчалі б беспадстаўна – засумняваліся незалежныя ад дзяржорганаў эпідэміёлагі. Да высвятлення акалічнасцяў Украіна адмовілася ад імпарту беларускай свініны. Тое ж датычыць малака, да санітарных нормаў якога ўкраінцы таксама маюць пытанні.

У Дзяржаўнай ветэрынарнай службе Украіны звяртаюць увагу на тое, што ў рамках Мытнага саюзу ў Беларусі няма ветэрынарна-санітарнага кантролю на мяжы з Расеяй. А ў РФ адзначаліся выпадкі захворвання жывёлы на афрыканскую чуму. Таму ўкраінскія адмыслоўцы не выключаюць, што хваробу занеслі адтуль.

Паводле аглядальніка газеты «Беларусы і рынак» Алеся Сержановіча, гэта ўжо не першыя праблемы з беларускімі харчамі.

«Некаторы час таму былі праблемы з кандытарскімі вырабамі – Украіна пагражала тым, што яна абмяжуе пастаўкі беларускага цукру. Аднак упершыню Беларусі выстаўляюцца прэтэнзіі да якасці прадукцыі. Раней канфлікты адбываліся збольшага на палітычнай глебе. Ва Украіны і Беларусі атрымалася пагоршыць гандлёвыя адносіны менавіта ў сферы сельскагаспадарчай прадукцыі, і калі казаць пра імпарт украінскай прадукцыі ў Беларусь, то ў 2010 годзе ён паменшыўся на 2,3 %, а экспарт Беларусі ва Украіну паменшыўся на 4,9 %», – кажа эксперт.

Алесь Сержановіч лічыць сітуацыю з беларускаю свінінаю своеасаблівым папярэджаннем для ўсёй Адзінай эканамічнай прасторы, у якую Украіна ўступаць жадання не мае. Расея абмяжоўвае пастаўкі ўкраінскага малака, таму Кіеў, відавочна асцерагаючыся даваць такі адказ Маскве, б’е па Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў