Сёння – другі дзень суда над Каваленкам


Пачатак другога паседжання суда над Сяргеем Каваленкам прызначаны на 14:00 пасля правядзення медычнага агляду падсуднага. Такое рашэнне прыняла 21 лютага суддзя Першамайскага раёну Віцебску Алена Жук.

У першы дзень суд Першамайскага раёну Віцебску фактычна не змог пачаць разгляд матэрыялаў крымінальнай справы. Падсудны размаўляе па-беларуску, таму ў залу ў якасці перакладчыцы выклікалі настаўніцу беларускай мовы мясцовай школы. Аднак пасля прэтэнзіяў да яе з боку падсуднага і абароны яна заявіла самаадвод, і суд яго прыняў. Таксама ў суд выклікалі брыгаду хуткай меддапамогі, якая канстатавала, што з Каваленкам усё ў парадку.

Пасяджэнне суда пасля перапынку пачалося з патрабавання Каваленкі агучыць ягоныя правы на беларускай мове. Гэта зрабіў новы перакладчык, супрацоўнік кафедры філалогіі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэту.

«Перакладчык у беларускім судзе, на беларускую мову? Заканадаўства гаворыць, што службовая асоба мусіць валодаць дзвюма мовамі. Адно з двух – або яны не валодаюць беларускаю моваю і не могуць займаць гэтыя пасады, або гэта адмысловая дэманстрацыя зневажальнага стаўлення да беларускай мовы», – гаворыць актывіст КХП – БНФ Юрый Беленькі.

Пасля таго як абвінавачваны заявіў хадайніцтва пра допуск да яго лекараў, зноў быў абвешчаны перапынак. Каля 15:00 прыбыла машына хуткай дапамогі – з тою ж брыгадаю, што прыязджала да абеду. Не давяраючы гэтым медыкам, родныя Каваленкі выклікалі яшчэ адну брыгаду хуткай дапамогі. Медыкі прыехалі, аднак іх спачатку не пускалі ў залу суда. Толькі пасля патрабаванняў грамадскасці і сваякоў новую брыгаду дапусцілі да падсуднага.

Затым з залы суда выйшлі абедзве брыгады хуткай меддапамогі, пад канвоем вывелі Каваленку. Ён паспеў крыкнуць: «Лекар сказаў, што трэба шпіталізаваць».

Куды менавіта павялі падсуднага, сваякам не паведамілі. На гарачай лініі абласнога ўпраўлення аховы здароўя ім паведамілі, што Каваленку павезлі ў шпіталь СІЗА, аднак потым высветлілася, што яго нікуды не адвезлі, а трымаюць у каравульным памяшканні будынку суда ў чаканні афіцыйнага заключэння медыкаў.

Каля 17:00 Каваленку вярнулі ў залу, і працэс аднавіўся. Суддзя зачытала даведкі, выдадзеныя дзвюма брыгадамі хуткай дапамогі, якіх сёння выклікалі ў суд. У адной з іх гаворыцца, што стан Каваленкі без змяненняў, аднак ёсць адхіленні ў аналізе крыві. Медыкі другой хуткай рэкамендавалі правесці больш дакладнае абследаванне. У выніку суддзя прыняла рашэнне правесці медычнае абследаванне Каваленкі, пасля чаго аднавіць працэс.

Актывіста Кансерватыўна-хрысціянскай партыі – БНФ вінавацяць ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК): Каваленка нібыта ўчыніў чатыры парушэнні, адбываючы пакаранне паводле выраку суда Кастрычніцкага раёну Віцебску. У траўні 2010 г. гэты суд прыгаварыў апазіцыянера да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай елцы Віцебску 7 студзеня.

Сяргея Каваленку ўтрымліваюць у СІЗА з 19 снежня 2011 г., яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. На знак пратэсту супраць затрымання актывіст КХП – БНФ абвесціў галадоўку.

Падчас учорашняга паседжання Сярей Каваленка зняў з сябе швэдар і кашулю: ён заявіў, што ў выніку галадоўкі згубіў 25 кг. «Такія кадры мы бачылі толькі з хронікі пра Асвенцім. Мы бачылі чалавека, які так сама выглядае, але гэтага чалавека судзяць. Не ведаю, што рабілася ў галоўцы той суддзі, але, пабачыўшы такі кадр, любы звычайны, нармальны чалавек мусіў бы спыніць гэтае судзілішча», – заявіў Юрый Беленькі, што прысутнічаў у зале суда ў першы дзень працэсу.

belsat.eu
https://youtu.be/vxx1Alh84SI

Глядзі таксама
Каментары