«Разбор палётаў»: апазіцыя абмяркоўвае выбары і Плошчу


Шэраг лідараў апазіцыі сабраліся разам, каб абмеркаваць палітычныя падзеі мінулага года – прэзідэнцкую кампанію ды разгон Плошчы.

Лідар руху “За свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, каментуючы падзеі 19 снежня 2010 г. на плошчы Незалежнасці ў Менску, адзначыў, што для дэмакратычных сілаў было прынцыпова захаваць мірны стан Плошчы. “Сцэнар чымсьці быў падобны да кіеўскага – мы спадзяваліся, што атрымаецца арганізаваць мірную Плошчу, і на наступны дзень прыйдзе больш людзей. Што людзей не пачнуць біць і саджаць. Для нас было прынцыпова захаваць мірны стан Плошчы”, – адзначыў Мілінкевіч.

Паводле кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, на прэс-канферэнцыі, якая была праведзеная ім і экс-кандыдатам на прэзідэнта Яраславам Раманчуком, яны адмовіліся ад адказнасці “за тое, чаго не ўмеюць рабіць”. “Раманчук казаў, што ён і ягоная каманда могуць адказваць за рэформы. Гэта быў правільны пасыл, бо за Плошчу мы не браліся. Мы туды заклікалі, гэта быў больш маральны аспект, чымся палітычны”, – адзначыў Лябедзька.

У сваю чаргу лідар партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін лічыць кампанію дэмакратычных сілаў 2010 г. “ніякаю”. “Апазіцыя панесла вельмі вялікія страты. І ў чалавечым плане, і ў тым сэнсе, што ўладам удалося нагнаць такую тэмпературу страху, што мы сёння аніяк не можам астудзіць грамадства”, – заявіў Калякін.

На думку прадстаўніка кампаніі “Гавары праўду!” Міхаіла Пашкевіча, галоўная памылка Плошчы-2010 – адсутнасць пэўнай стратэгіі. “Стратэгія складалася з аднаго – сустрэнемся на плошчы. Мы не маглі адказаць людзям: а што далей? Дрэнна мы спрацавалі, калі наш план заваліўся за два-тры хады. Трэба ведаць пра гэта, і ў наступны раз не клікаць людзей проста на плошчу. Поўны разгром апазіцыі – вельмі добры ўрок, якога ніхто не хоча прызнаць”, – сказаў Пашкевіч.

Сустаршыня партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі лічыць, што на Плошчы трэба было раней “браць ініцыятыву на сябе”. “Вельмі вялікую памылку мы здзейснілі, што ў гэтых умовах не вызначылі свайго сцэнару”, – сказаў Рымашэўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў