«Белбыт» ліквідуюць, але Дамы быту застануцца


Дзяржаўнае аб’яднанне “Белбыт” праходзіць працэдуру ліквідацыі.

Арганізацыя яшчэ з савецкіх часоў выконвала ролю своеасаблівага куратара сістэмы побытавых паслугаў. Большасць даччыных кампаніяў “Белбыту” – акцыянерныя таварыствы, 100 % акцыяў якіх належаць дзяржаве. Цяпер знойдуць новага каардынатара, і замест дзяржаўнага ўзроўню іх спусцяць на камунальны.

“Арганізацыя “Белбыт” ужо перажыла ў 2002 г. рэарганізацыю і была падпарадкаваная Міністэрству гандлю, – распавядае старшыня Сталай камісіі працы, сацыяльнай абароны, справаў ветэранаў і інвалідаў Ганна Лаўрукевіч. – Яе ліквідацыя была памылковаю, бо прадпрыемства аказвала танныя паслугі неабароненым слаям насельніцтва. Не зразумела, хто зойме яго нішу”.

“Белбыт” знішчыла нізкая рэнтабельнасць. Напрыклад, рамонт абутку падаражэў толькі на 5 %, хоць у прыватнікаў кошты скокнулі ў паўтара-два разы. Чыноўнікі спадзяюцца, што, здаўшы гандлёвыя месцы ў арэнду прыватнікам, змогуць атрымаць прыбытак. Вось толькі прадпрымальнікі здымаюць памяшканні ў Дамах быту і цяпер.

“Кошты на паслугі я магу выстаўляць адвольныя, дзяржава іх не кантралюе, – кажа Аляксей Дунскі, які валодае швейным атэлье ў Менску. – Сёлета працы нават паболела. У любым выпадку, адрамантаваць адзенне танней, чым купляць новае. Мой знаёмец, які займаецца рамонтам абутку, кажа, што такога прыбытку ў яго не было ніколі. Людзі нясуць усё, што яшчэ можна даношваць, бо новыя кошты на абутак і адзенне ў крамах цяпер не даступныя людзям з сярэднім заробкам”.

belsat.eu

Стужка навінаў