Як на Марсе: 520 дзён ізаляцыі з перапрацаваным паветрам


https://youtu.be/KwhPcKgWw50
https://youtu.be/zO9kbqKFK18
Закончыўся навуковы эксперымент «Марс-500», цягам якога шэсць добраахвотнікаў з чатырох краінаў свету правялі 520 дзён у ізаляцыі, імітуючы палёт на «чырвоную планету».

Галоўнаю мэтаю эксперыменту было вывучэнне рэакцыі арганізму на працяглы палёт. Мадэляванне палёту праходзіла на тэрыторыі Інстытуту медычна-біялагічных праблемаў Расейскай акадэміі навук.

Каля 14:00 паводле маскоўскага часу пераходны шлюз у наземны эксперыментальны комплекс адчыніўся, і «марсанаўты» адзін за адным выйшлі з працоўнага адсеку пад апладысменты сваякоў, сяброў і вучоных.

Праект, які праводзіўся ў супрацы з агенцтвам «Роскосмос», Еўрапейскім касмічным агенцтвам (ESA), іншымі расейскімі ды міжнароднымі арганізацыямі, стартаваў летась 3 чэрвеня. У гэты дзень удзельнікі эксперыменту задраілі люкі на 520 дзён – менавіта столькі, згодна з разлікамі, будзе доўжыцца рэальны палёт на Марс.

У склад экспедыцыі ўвайшлі расейцы Аляксей Сіцёў (камандзір экіпажу), Сухроб Камолаў і Аляксандр Смаляеўскі, француз Рамэн Шарль, італьянец Д’ега Урбіна і кітаец Ўан Юэ.

Увесь гэты час яны жылі ў памяшканні, якое імітуе кабіну касмічнага карабля, агульнаю плошчаю 180 квадратных метраў. У іх не было доступу да тэлефонаў, інтэрнэту або нават натуральнага асвятлення; дыхалі яны толькі перапрацаваным паветрам, а душ прымалі раз на 10 дзён.

Усе перамовы паміж экіпажам і «цэнтрам кіравання палётам» перадаваліся з затрымкаю, якая ўзрастала па меры «аддалення» касмічнага карабля ад Зямлі. Відэаназіранне за чальцамі каманды вялося ўдзень і ўначы. Медыкаў і псіхолагаў цікавілі паводзіны чалавечага арганізму ва ўмовах працяглай ізаляцыі ў замкнёнай прасторы.

Эксперымент «Марс-500» уключаў у сябе тры этапы: «пералёт» з Зямлі на Марс, «знаходжанне на марсіянскай паверхні» і «вяртанне» на Зямлю. У лютым тры чальцы экіпажу тройчы імітавалі высадку на Марс, яны бралі ўмоўныя пробы грунту, адпрацоўвалі паводзіны ва ўмовах пазаштатнай сітуацыі.

Нягледзячы на заканчэнне эксперыменту, адразу ж адзначыць «вяртанне на Зямлю» з сябрамі і роднымі паддоследным не дазволяць. Як і сапраўдных касманаўтаў, пасля прызямлення іх зноў ізалююць на некаторы час – для правядзення медычнага абследавання.

Як жылося на “Марсе”?

ДЖЭНІФЭР НГО-АНХ, КІРАЎНІЦА ПРАЕКТУ ESA «MARS 500»:
“Адзінае, пра што мы не падумалі, яны здагадаліся рабіць самі: змагацца з манатоннасцю з дапамогаю творчага падыходу, крэатыўнасці. На Гэлоўін, напрыклад, яны прыдумалі касцюмы з навуковага абсталявання. На Каляды ў іх былі самаробныя яслі з фігуркаю немаўляці Ісуса. Яны адзначалі кітайскі Новы год з выкарыстаннем тамтэйшага фальклору”.

РАМЭН ШАРЛЬ, ЧАЛЕЦ ЭКІПАЖУ «MARS 500»:
“У гэтым доме мы правялі год. Я пачуваюся добра. Нам было вельмі весела разам, хоць нам давялося перажыць і вельмі доўгі перыяд нудоты. Але нават у такія моманты мы заўсёды стараліся трымацца разам”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары