Вольга Бандарэнка: Улады баяцца любой праявы свабоды


“Гэта героі з вялікай літары. Я імі захапляюся і стаўлюся з удзячнасцю да нашага народу, да нашых герояў”, – заявіла Вольга Бандарэнка, жонка зняволенага Змітра Бандарэнкі, каментуючы апошнія акцыі дзеля падтрымання палітвязняў. “Я думаю, што ў выніку вырашальнаю сілаю будзе наш народ, і мы скажам “Не!” рэжыму. Гэта мае здарыцца”, – дадала Бандарэнка.

Апошняя акцыя салідарнасці з палітвязнямі адбылася 24 кастрычніка. У цэнтры Менску сабралася каля двух дзясяткаў удзельнікаў. Партрэтаў палітзняволеных яны не трымалі, лозунгаў не выкрыквалі – пры гэтым быў затрыманы каардынатар “Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі, які прыйшоў на плошчу з мегафонам і спрабаваў сабраць каля сябе людзей.

“Страх для ўлады – ва ўсім, у любой праяве свабоды. Яны спрабуюць задушыць любую праяву свабоды, – гаворыць Вольга Бандарэнка. – І калі людзі нягледзячы на тое, што іх збіваюць, арыштоўваюць, пагражаюць жудаснымі артыкуламі, усё роўна пераступаюць праз свой страх і ўсё роўна пратэстуюць, хай іх мала, то гэта – перамога кожнага над сабою і перамога ўсіх над рэжымам”.

Зміцер Бандарэнка, каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, давераная асоба экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава, быў асуджаны за падзеі 19 снежня на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Пасля арышту ў яго абвастрыліся хранічныя захворванні, і 26 ліпеня яму зрабілі аперацыю на хрыбетніку. Нягледзячы на цяжкі стан ягонага здароўя, Бандарэнку працягваюць трымаць за кратамі. 24 кастрычніка ён быў пераведзены з санчасткі ў каранцінны блок Магілёўскай калоніі № 15.

belsat.eu

Стужка навінаў