Змітра Дашкевіча пераводзяць у іншую калонію


Як стала вядома “Белсату”, цяпер маладафронтавец у працэсе этапавання – яго змясцілі ў Магілёўскае СІЗА.

Як паведаміла кіраўніцтва Горацкай калоніі сваякам палітвязня, Зміцер Дашкевіч з калоніі выбыў. Афіцыйнай інфармацыі, куды яго накіруюць, пакуль няма. Спадарыня Марына, маці яшчэ аднаго зняволенага маладафронтаўца, Эдуарда Лобава, не выключае, што пераводу Змітра Дашкевіча паспрыялі неаднаразовыя звароты ў Дэпартамент выканання пакаранняў ды Генеральную пракуратуру. З заклікамі прыняць адпаведныя захады, каб спыніць ціск на палітвязня і забяспечыць годныя ўмовы ўтрымання, да службовых асобаў звярталіся вядомыя беларускія палітыкі, дзеячы культуры, а таксама сваякі палітзняволеных.

Лідара “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча прэвентыўна затрымалі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і асудзілі на 2 гады нібыта за збіццё выпадковых мінакоў. Адбываць пакаранне палітвязня накіравалі ў Горацкую калонію № 9. Адміністрацыя спецустановы “запісала” Дашкевіча ў злосныя парушальнікі рэжыму і неаднаразова змяшчала ў штрафны ізалятар і памяшканне камернага тыпу. Як стала вядома 13 верасня, Зміцер Дашкевіч абвесціў галадоўку пратэсту. Ён патрабаваў забяспечыць нармальныя побытавыя ўмовы ў карцары, куды яго пасадзілі 17 верасня, а таксама вярнуць яму Біблію.

Падпісваць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, нягледзячы на ціск адміністрацыі калоніі, Зміцер Дашкевіч адмовіўся. Уплывовая праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала маладзёна вязнем сумлення.

belsat.eu

Стужка навінаў