Пра д’юці-фры ў Мытным кодэксе няма, таму вырашае Лукашэнка


Гандаль д’юці-фры стымулюе развіццё турызму, але ўладам Беларусі такія крамы не патрэбныя. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ад іх больш праблемаў, чым прыбытку.

Сістэма бязмытнага гандлю працуе ў шмат якіх краінах свету і вельмі хутка развіваецца: рост складае 15–20 % на год. Але беларускія чыноўнікі ўпарта называюць гэты бізнес неэфектыўным. Якія аргументы яны выкарыстоўваюць?

Па-першае, сістэма д’юці-фры патрабуе добра наладжанай супрацы крамы і мытні. Напрыклад, у Расеі касавыя апараты ў такіх крамах наўпрост падлучаныя да камп’ютараў мытнікаў, каб адсочваць колькасць і асартымент тавараў, што перамясціліся за мяжу. Улады Беларусі таксама настойваюць на падобным прынцыпе, але ў гэтым выпадку трэба стварыць дзясятак штатных адзінак – людзей, якія будуць адсочваць перасоўванне тавараў.

Па-другое, улады зацікаўленыя ў тым, каб на продаж ішло як мага больш айчынных тавараў. “Толькі калі прылаўкі будуць запоўненыя беларускім, мы можам пайсці на вяртанне д’юці-фры. У іншым выпадку – якая выгада?” – заявіў Лукашэнка.

Але нашыя тавары папросту не вытрымаюць канкурэнцыі з замежнымі. Найбольш запатрабаваныя – элітны алкаголь, парфума, брэндавае адзенне: рэчы высокай якасці, вядомыя ва ўсім свеце. У гэтым сэнсе беларуская вытворчасць моцна адстае.

Прадстаўнік кампаніі “Бэла трэйдынг д’юці-фры” паведаміў, што агульныя паступленні ад бязмытнага гандлю ў бюджэт складаюць у сярэднім $ 80 млн на год. “Гэты бізнес вельмі добра стымулюе развіццё турызму. Пасажыры, асабліва еўрапейцы, ужо шмат гадоў робяць выбар паміж падарожжамі цягніком, аўтамабілем і самалётам на карысць апошняга, у тым ліку і дзеля магчымасці зрабіць пакупкі за нізкія кошты: тавар на тэрыторыі зоны свабоднага гандлю – няхай гэта будзе аэрапорт або борт паветранага лайнера – традыцыйна не абкладаецца падаткамі”.

Дзяржаўны мытны камітэт падтрымлівае кіраўніка Беларусі: крамы бязмытнага гандлю трэба пакінуць толькі ў аэрапорце. “Парадак працы такіх крамаў не абгавораны ў новым Мытным кодэксе, таму гэта вызначае кіраўнік дзяржавы. Ягонае рашэнне – не пашыраць сетку крамаў д’юці-фры”, – заявілі ў прэсавай службе.

belsat.eu

Стужка навінаў