Акрамя ўмоваў капітуляцыі, абмяркоўваць з Лукашэнкам няма чаго


Андрэй Саннікаў “дапускае перамовы з Лукашэнкам”. “Але толькі ў адным пытанні – пра перадаванне ўлады. Акрамя ўмоваў капітуляцыі, абмяркоўваць з ім няма чаго. Гэта ўсё адно здарыцца да канца года, але пакуль у Лукашэнкі ёсць выбар, як менавіта сысці. Калі ён не скарыстаецца з гэтай магчымасці, выбару ў яго не будзе”, – заявіў экс-кандыдат на прэзідэнцтва ў тэлефоннай гутарцы са сваёю жонкаю Ірынаю Халіп.

Саннікаў патэлефанаваў з Наваполацкай калоніі (Віцебская вобласць). Ён мае права на штомесячную 10-хвілінную тэлефонную размову з сям’ёй.

Паводле Халіп, ёй дазволілі доўгатэрміновае спатканне з мужам. “Але такое доўгатэрміновае спатканне – умоўнае. Я толькі а 15-й гадзіне магу ўвайсці ў калонію 7 верасня. Дзень змагу правесці з ім, і ўжо 9-га а 10-й гадзіне я з калоніі мушу выйсці. Гэта значыць, трое содняў на спатканне – фікцыя”, – лічыць Халіп.

Яна адзначыла, што Саннікаў на здароўе не скардзіўся, але пералічыў шэраг прэпаратаў ад кашлю, якія яму патрэбныя. “Ён не губляе прысутнасці духу. Гаворыць, што самаю вялікаю папулярнасцю ў зняволеных карыстаюцца тыя праграмы беларускага тэлебачання, дзе прадказваюць крах амерыканскай эканомікі. Усе зняволеныя дружна смяюцца, калі бачаць такія матэрыялы”, – сказала жонка экс-кандыдата на прэзідэнцтва.

Ірына Халтп – сама фігурантка крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня 2010 года. Журналістку прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на два гады. “Таму працаўнікі міліцыі, якія ажыццяўляюць нагляд за мною, мусяць выдаць мне “маршрутны ліст”, прыкладна такі, які выдаюць кіроўцам-дальнабойнікам. І я павінна яго адзначаць”, – сказала Халіп.

14 траўня суд Партызанскага раёну Менска вынес Андрэю Саннікаву вырак: пяць гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 15 ліпеня Менскі гарадскі суд пакінуў без задавальнення касацыйную скаргу палітыка.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары