Сяргей Калякін: «У Лукашэнкі кароткая лава запасных»


Згодна з указам кіраўніка дзяржавы, чыноўнікі, пасады якіх уваходзяць у кадравы рэестр прэзідэнта, змогуць працаваць і пасля 65 гадоў.

Раней, нагадаем, у законе “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь” было прапісана, што дзяржаўны службовец, якому споўнілася 65 гадоў, мусіць быць вызвалены ад займанай пасады па заканчэнні таго месяца, у якім ён дасягнуў такога ўзросту.

Цяпер рашэнне пакінуць на пасадзе чыноўніка-пенсіянера будзе прымаць асабіста прэзідэнт, пры гэтым тэрмін ягонай далейшай працы не абмяжоўваецца. Указ, падпісаны 11 жніўня, набудзе моц пасля афіцыйнага апублікавання. Савету Міністраў прадпісана цягам шасці месяцаў “забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з указам” і “прыняць іншыя захады дзеля рэалізацыі ўказу”.

“Я так разумею, што ў Лукашэнкі вельмі кароткая “лава запасных”, а тая сістэма падбору і падрыхтоўкі рэзервовых кадраў, якая рэкламавалася як узорная, аказалася пустым гукам”, – пракаментаваў навіну лідар Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін.

Палітык таксама не выключае, што прычынаю дэфіцыту кіроўных кадраў можа быць і тое, што Аляксандр Лукашэнка не давярае маладым і аддае перавагу прадстаўнікам савецкай наменклатуры. “У любым выпадку, кадравая палітыка, якая робіцца адным чалавекам, яна і зразумелая толькі гэтаму чалавеку. Яна непразрыстая, непрадказальная, а таму і малаэфектыўная”, – падсумаваў спадар Калякін.

belsat.eu

Стужка навінаў